Інтэрв'ю з добрым гульцом - pan Lisowski

Day 2,862, 14:28 Published in Belarus Japan by belsniper


Вітаем вас, шаноўныя чытачы, на старонках “Летапісца”!

BRUTTO - Гарри

Ня так даўно ў еБеларусі адбылася цікавая падзея - пасьля доўгіх бадзяньняў вярнуўся ў еБеларусь гулец пад нікам pan Lisowski.



Падзея цікавая тым, што людзі з хлебных краёў звычайна ў бедную на бонусы еБеларусь не вяртаюцца, а тут гулец ўчыніў адваротнае і таму мы не маглі не зьвярнуць сваёй увагі на гэткага падазронага таварыша. Спачатку былі думкі скруціць “шчасьліўчыка”, які толькі-толькі атрымаў пашпарт еБеларусі, каб душэўна пагутарыць зь ім за кубачкам кавы ў лепшых традыцыях айчынай еВыведкі...

“Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе…”


...але падчас назіраньняў pan Lisowski быў заўважаны ў шэрагах абаронцаў еАйчыны ад няўдалага ТО, чым даказаў свой патрыятызм і адданасьць агульнай справе. Менавіта таму мы вырашылі даслаць да гэтага добрага гульца нашага адмысловага карэспандэнта belsniper з заданьнем узяць у пана інтэрв’ю.

belsniper: Прывітаньне!) Уся еКраіна хоча даведацца як цябе клічуць у РЖ, колькі табе год і дзе ты жывеш?

pan Lisowski: Вітанкі! Насамрэч мяне клічуць Максімам, мне 31 год, нарадзіўся і жыву ў Менску.

belsniper: Максіме, а чым ты займаесься ў РЖ? Вучысься? Працуеш? Ці можа ёсць нейкая справа ці праект які ты разьвіваеш?

pan Lisowski: Я скончыў філязофскі факультэт БДУ, аднак па спэцыяльнасьці не адпрацаваў аніводнага дня, бо ад пачатку хацеў займацца ўласным бізнэсам, але “лёс чамусьці склаўся так”, што ў гэтым пачынаньні мне не фартанула, затое адна з прыватных вытворчых кантораў Менску атрымала дыплямаванага філёзафа ў свой штат. Большую частку свайго часу я прысьвячаю будзённым працоўным справам, у вольныя хвіліны гуляю ў рэпку і балаболю зь сябрамі ў чаціках.

belsniper: У цябе ёсьць мара?

pan Lisowski: Канешне. Ад мора да мора!


Ваяры ВКЛ змагаюцца за мару...

belsniper: Ты шмат дзе пабываў у межах еРэпабліка, а ў РЖ ты выязджаў за межы Беларусі?

pan Lisowski: Так, катаўся рознымі транспартнымі сродкамі, але за межы “славянскага трохкутніка” пакуль з розных прычынаў не патрапіў. Я кепска пераношу зьмену абстаноўкі і напружана стаўлюся да знаёмстваў зь іншымі людзьмі, бо па характары я крыху замкнёны і схільны да самарэфлексіі чалавек, чаго, мусіць, нельга сказаць па маіх паводзінах у гульні - верагодна менавіта так і працуюць кампэнсаторныя мэханізмы.

belsniper: Вяртаючыся да гульнявой тэматыкі, ты гуляеш выключна ў еРэпаблік ці ёсьць яшчэ гульні ў якія ты гуляеш раўналежна?

pan Lisowski: Калі пытаньне пра браўзэркі, то не, мяне там нідзе больш няма. Трохмерныя кампутарныя гульні люблю, але апошнім часам сам не гуляю, а праглядаю чужыя праходжаньні на YouTube. Скажу болей, я бы ў і рэпку зараз не гуляў, калі б у жніўні 2012-га году не адбыўся бэйбі-бум, зладжаны Янам-Гіенай, які цяпер вядомы пад нікам Jan Karal Chadkievicz , з дапамогай моладзевага актывіста Франака Вячоркі. Артыкул на “Свабодзе”, дзе згадвалася пра стан еБеларусі на той момант, узрушыў мяне ды прымусіў зарэгістравацца ў гульні, і я нават запрасіў тады пару сваіх сяброў.

belsniper: Дарэчы 🙂 А навошта ты зьязджаў зь еБеларусі? 🙂

pan Lisowski: Ну, як бы лепш патлумачыць. Заставацца доўга на адным мейсцы, у коле адных і тых жа людзей зь іхнымі тыповымі клопатамі рана ці позна надакучвае. Кожны са сталых гульцоў праходзіць праз цыклы страты інтарэсу да рэпкі ды ўзмацненьня яго, і кожны змагаецца з гэтым па-рознаму. Гэта як дзяўбці ўвесь час адну дзірку - нібы яно і правільна, і прыемна, але натура патрабуе зьменаў. Акрамя вывучэньня замежных суполак вабілі таксама і бонусы да вытворчасьці, якія маюць моцныя краіны. Спрацаваў комплекс прычынаў, карацей.

belsniper: А з-за чаго ты застаўся ў еРэпабліку? Што цябе так прывабіла?

pan Lisowski: Спачатку было проста цікава націскаць рознакаляровыя пімпачкі, потым захацелася, каб гэтых пімпачак паболела (так я стаў упершыню кангрэсмэнам, узначаліў партыю півавараў, крыху пазьней абраўся прэзыдэнтам ды стварыў уласны атрад), але ў выніку затрымаўся дзякуючы тым людзям, зь якімі камунікую ў скайп-чатах штодня. Гэтаксама адчуваю асабістую адказнасьць за падзеі ўнутры краіны, бо шмат хто з туклікераў лічыць, што я ведаю як зрабіць лепш і ўвогуле чакае, што гэтае “як лепш” рабіць будзе менавіта нехта з актыўных гульцоў. Агулам так і атрымліваецца, што мяне тут трымае сумесь адказнасьці і сяброўскіх стасункаў.

belsniper: Пагутарым пра гульнявую палітыку. У сваім артыкуле “Арытмэтыка немагчымага” ты напісаў, цытую: “Ідэальны варыянт - прыцягненьне ў гульню каля тысячы беларускіх гульцоў, якія затрымаюцца тут мінімум на год ці два.” Выкажы, калі ласка, сваё меркаваньне наконт таго якія захады павінны быць з боку распрацоўшчыкаў еРэпабліка і з боку нашай нацыянальнай суполкі, каб затрымаць у гульні каго-небудзь хаця б на год?

pan Lisowski: Перш за ўсё павінен быць скасаваны ці, прынамсі, грунтоўна перапрацаваны модуль дыктатуры. Гэта ненармальна, калі палітыка краіны можа вызначацца рандомным сэрбавугорцарумынам з процьмай грошай на рахунку і шылам у срацы. Па-другое, вайсковы модуль са сваім “плаці і перамагай” адпужвае ад гульні тых, хто не гатовы займацца пастаянным майстаркардзінгам. Па-трэцяе, унутрыгульнявыя івэнты больш нагадваюць спробы дурня праштурхнуць цацку ў форме шара ў прарэз для куба - стратэгія разьвіцьця гульні альбо адсутнічае, альбо не паддаецца дэкадаваньню нашымі сьціплымі розумчыкамі. Ад нацыянальнай гульнявой суполкі хацелася бы бачыць больш актыўных дзеяньняў, больш гарызантальнай камунікацыі, узаемапавагі і ўзаемадапамогі, але гэта тое, чаго ня здарыцца ніколі, бо таму што.

belsniper: Як ты пракамэнтуеш спробы заТОшыць беларускія партыі? І на тваю думку, што адбудзецца зь еБеларусьсю, калі так званыя “піраты” захопяць спачатку партыі, потым “рычагі” ўлады і, няхай гіпатэтычна, усталююць дыктатуру?
pan Lisowski: Як прадстаўнік урада я не магу ўхваліць дзеяньні па захопе партыяў, што нармалёва функцыянуць і не знаходзяцца ў руках варожых замежных грамадзянаў. Як прыватная асоба я ўсьведамляю, што хтосьці ня можа атрымліваць задавальненьне ад гульні стандартнымі спосабамі і таму настойліва лезе праз задні праход, каб злавіць, урэшце, той самы фан. Канчатковы вынік гэтых дзеяньняў ці супрацьдзеяньняў цяжка спрагназаваць, бо ў рэальнасьці той жа працэс ТО пройдзе праз шэраг істотных карэктыровак, таму цяжка прадказаць хто менавіта напрыканцы атрымае жаданую пасаду дыктатара (на партыйным узроўні крытычнай шкоды дзяржаве нанесьці немагчыма). Клясычны ТОшнік выкруціць падаткі на максымум, каб адбіць змарнаваныя на працэс ТО грошы, пакіне краіну без вайсковых пагадненьняў, то бок MPP, і, урэшце рэшт, ператворыць еБеларусь у сьметніцу для міжнародных прайдзісьветаў. Прасунуты ці асабіста матываваны ТОшнік, хутчэй стане мазгавым паразытам для краіны, ягоныя дзеяньні па большай частцы загадкавыя, усё залежыць ад канкрэтнага пэрсанажу і зьбегу акалічнасьцяў.

belsniper: Ты быў прэзыдэнтам чатыры разы, што бы ты параіў тым, хто вырашыць балятавацца ў прэзыдэнты ўпершыню?

pan Lisowski: Няма такой праблемы, якую немагчыма вырашыць з дапамогай Добрых Гульцоў. Калі сур’ёзна, то не баяцца самарэалізацыі ў гульні - шмат часу гэта не займае, а для агульнага разьвіцьця робіць нямала. І вучыце ангельскую - тут не працуе формула “пацалункі ў абмен на газ”, даводзіцца нямала часу размаўляць з замежнікамі, якія, як здагадваецеся, не разумеюць обшчэпанятный.

belsniper: Пытаньне да міністра замежных справаў. У якім кірунку будуць разьвівацца адносіны з суседнімі краінамі бліжэйшым часам? Што плянуеш рэалізаваць падчас займаньня гэтай пасады?

pan Lisowski: Будзем падтрымліваць роўныя стасункі з усімі суседзямі, без абразаў і подласьцяў, але мы цалкам падрыхтаваныя да сымэтрычнага адказу ў выпадку агрэсыі зь іншага боку. У гэтым пляне еБеларусь - гэта тыповая нэйтральная дзяржава. Перш за ўсё мы арыентуемся на еЛетуву і еЎкраіну, у значнай ступені нашая замежная палітыка завязаная на гэтыя сяброўскія краіны. Гэтаксама я не лічу ворагамі ані еПольшчу, ані еРасею, і раней ужо рабіліся адпаведныя захады для нармалізацыі стасункаў зь імі, але і быць добрым для ўсіх немагчыма, бо калі вакол цябе ўсе сябры, то з кім ваяваць? Нейкіх грунтоўных плянаў пакуль ня маю, бо ідэя стварэньня еВКЛ пасьпяхова заглохла, а нешта новае для вузклобага нацыка прыдумаць праблематычна. Гарантавана будзем паглыбляць наяўныя стасункі і распрацоўваць глебу для новых. Таксама поза нізкага старту ўжо даўна прынятая на выпадак развалу Астэрыі і стварэньня новых альянсаў.

belsniper: Які пакт аб узаемадапамозе ты лічыш самым карысным для еБеларусі на дадзеным этапе разьвіцьця?

pan Lisowski: Рэальных, а не трэніравальных войнаў мы пазьбягаем з моманту нашага выхаду з альянсу LETO (канец мінулага году), што пацягнула за сабой і зьмену натуральных хаўрусьнікаў, таму акрэсьленага меркаваньня я пакуль ня склаў. Інцыдэнт з атакай Эгіпта на акупаваныя намі падчас TW зь Ізраілем рэгіёны быў непрацяглым па часе і не дазволіў выявіць хто нам дапамагаў за прыгожыя вочы, а хто з прынцыпу. Выключна прагматычна я магу адзначыць, што найлепшы хаўрусьнік, які пацягне любую бітву еБеларусі і ўдзень, і ўначы - гэта буйны СО.

belsniper: У цябе ёсьць дасягненьне “мэдыямагнат”. Прыгожы мэдаль, важкі 🙂 Што ты параіш нашым журналістам, каб хутчэй атрымаць гэты мэдаль?

pan Lisowski: еБеларусу атрымаць гэты мэдаль нерэальна. Справа ня ў якасьці тэкстаў, а ў скіраванасьці на тутэйшую малаколькасную аўдыторыю. Таму, калі ты пішаш пра беларусаў і для беларусаў, то адкрыць згаданае дасягненьне можна толькі праз удзел у замежных праграмах узаемных падпісак на газэту. Менавіта так я і дайшоў да неабходнай 1,000 падпісчыкаў.

belsniper: У цябе быў кур’ёзны выпадак які так ці інакш зьвязаны з гульнёй?

pan Lisowski: Калі цябе цікавіць сувязь з рэальным жыцьцём, то я ня надта афішую свае дасягненьні ў браўзэрцы, пра гэты мой занятак ведае абмежаванае кола блізкіх людзей. Наконт кур’ёзаў у самой гульні, то са сьвежага магу ўзгадаць артыкул Ромкі (гэта адзін зь беларускіх гульцоў, які вядомы сваім імпэтам да зьмены нікаў, акаўнтаў і гучных абвяшчэньняў аб сыходзе з рэпкі) ва ўкраінскай прэсе, у камэнтах да якога ў дыскусыю са мной і іншымі беларусамі ўступіў украінец Holy Diver 1997 . На нашую аргумэнтацыю апошні ніяк не рэагаваў, усяляк ухваляючы аўтара артыкула. Але ж рагатаў я няспынна хвілінаў пяць, калі ад знаёмых украінскіх гульцоў даведаўся, што згаданы акаўнт за які тыдзень да гэтага набыў сам Ромка. Такі вось публічны акт аўтафэляцыі атрымаўся.



belsniper: Лірычнае пытаньне, але цікава як адкажаш ты 🙂 працягні выказваньне: Каханьне гэта - ….

pan Lisowski: ...калі вы разам крочыце поплеч на ўсход па шляхох Альгерда.

belsniper: Дзякуй табе вялікі, Максіме, за цікавую і карысную гутарку! Посьпехаў табе, перамог і прыемнага фану ад гульні! Пакуль!

pan Lisowski: Дзякуй, што не шкадуеш свайго часу на размовы зь сівымі аксакаламі рэпкі. Нам прыемна - моладзі карысна. Зычу ўсяго найлепшага ды спору ў працы! Бывай!

Ад рэдакцыі. Будзем шчыра ўдзячны за вашы камэнтары, бо вельмі хочыцца скончыць квэст "Senior Journalist". Вотайце, падпісвайцеся. Калі жадаеце каб на вашае выданьне падпісаліся - дашліце ў рэдакцыю паведамленьне.

P.S. Жыве Беларусь! Жыве Вечна!