[Іншы погляд] Інтэрв'ю з yoskyyyyy

Day 2,959, 03:21 Published in Belarus Lithuania by Schrodingers Nun


Хоць і першапачаткова я не імкнуўся да гэтай мэты, але ўрэшце неяк само сабою склалася, што хіба ня ўсе магчымыя варыянты прафэсыйнай дзейнасьці, што можа прапанаваць eRepublik, былі мною перабраныя. Цяпер засталося толькі зьвярнуць сваю ўвагу на вузкаспэцыялізаваныя галіны і вось я ўжо абкатываю свае здольнасьці ў жанры інтэрв'ю. Цыкл размоваў будзе публікавацца паступова, па магчымасьцях маіх ды па жаданьні саміх рэспандэнтаў, пад асобным загалоўкам "Іншы погляд". У пошуках першае ахвяры я зьвярнуўся адразу да чатырох вядомых гульцоў, аднак пераможцам у барацьбе з пытаньнямі выйшаў пан yoskyyyyy, раней вядомы пад нікам Eugene Just II, шматразовы прэзыдэнт Беларусі ды перакладчык інтэрфэйсу гульні на беларускую мову. Ягоныя адказы на зададзеныя пытаньні публікую ніжэй.

- Вітаю, пан Яўген! Інтэрв’юаваньнем тваёй асобы займаліся неаднаразова, таму прамінем стадыю агульных зьвестак і паставім першае пытаньне так: на дадзеным этапе ці лічыш ты сябе менавіта беларускім гульцом?

- Добрага часу, спадар Максім! Хачу выказаць падзяку за магчымасць пагутарыць разам з Вамі. Пытанне даволі няпростае для мяне. З лета 2014-га па дадзены момант я не ўдзельнічаю ў палітычных гонках краіны, ваенных дзеяннях (за выключэннем выпадковага БХ-ханцінгу за беларускі бок). Мяне няма ў ніводным чаце (за выключэннем архаічнага IRC). Не ўдзельнічаю таму, што мой погляд на будучыню Беларусі ў мінулым не супаў з поглядам большай часткі краіны. І, каб не рабіць вады з гарбаты, я вырашыў адыйсці ў бок. Ды й трошкі стаміўся за ўвесь гэты час. Таму, з пункту гледжання ўдзела ў развіцці краіны, я не беларускі гулец ужо больш за год.



- Па тваім меркаваньні ў чым прычына таго, што пазыцыя большасьці беларускае гульнявое суполкі і твая ўласная пачалі разыходзіцца? Усё ж такі ты даволі працяглы час знаходзіўся ў кіраўніцтве Беларусі. Ці папярэднічалі гэтаму нейкія падзеі альбо ўсё адбылося раптоўна для цябе?

- Падчас актыўнасці ўнутрыпалітычнай і на міжнародным тэатры пазіцыя была зразумелай і складалася з некалькіх наступных прынцыпова важных частак: пошук альянсу, для якога Беларусь не была бы простым дадаткам; стварэнне дадатковых "модуляў", якіх проста не было і быць не можа ў гэтай гульні; дыялог з суседзьмі, якія знаходзіліся ці то ў саюзным, ці то ў варожым альянсе; імкненне да канструктыўнага дыялогу і ўзаемапавагі.
Зразумела, што ўсё гэта не можа існаваць доўга. Доўгія добрыя часы - гэта не пра е-Беларусь. Я не хачу сказаць, што ўсё было надта хораша. Безумоўна, былі памылкі кшталту абыходу правілаў, створаных намі самімі (часы НФ, Каінавы артыкул), не цалкам растлумачаныя дзеянні (хоць і імкнуўся даводзіць пазіцыю да людзей). Але быў і фан, і скарбніца, і вобласці (калі была магчымасць іх трымаць вольнымі).
У тваім пытанні можна часткова знайсці адказ: мая пазіцыя можа быць кіруючай толькі на працягу некаторага часу, бо большасць, у рэшце рэшт, возьме сваё. Безумоўна, мая пазіцыя пачала больш яскрава адрознівацца якраз у пункце выбару альянсу. Змена вектару развіцця краіны ставіла былых саюзнікаў у ранг ворагаў, а былых краін-здрадніц - у "сваякі". Тым не менш, трошкі радасна за тое, што "Белка" прайшла "лёс малых краін" і засталася як адзінае кола людзей з е-нацыянальнымі рысамі - "добрых гульцоў" і "сельскагасударсцвеннай радзімы".

- Ці можна назваць тваю дапамогу Раману, які ў ліпені ладзіў вайсковы пераварот у Беларусі з мэтай стаць дыктатарам, спробай вяртаньня ў вялікую палітыку? Ці ты меў іншыя матывы?

- Рома, прабач 🙂 Матывы рэвалюцыі былі наступнымі: атрымаць некалькі медалёў Героя бітвы і дапамагчы Paval Gawa уронам і танкамі, бо грошай было не так шмат, а ён вельмі многа б'е. Быў добры каэфіцыент дэтэрмінацыі для рэвалюцыі, больш за 2х, калі не памыляюся. Сам медаль лібератара быў прададзены знаёмай асобе - PsihoZV. Адразу паспрабавалі ўсталяваць сваю дыктатуру. Першыя 2 раўнды для нас было ўсё добра. Далей, ужо бліжэй да 9-10 гадзінаў раніцы, актывізаваліся беларусы і выставілі вельмі вялікую аплату ўрону. Я пісаў лісты да Zlodimir і той зразумеў нашу пазіцыю, але мы не ведалі, што ў Беларусі дыктатуры і рэвалюцыі - гэта справы запланаваныя, таму нашая спроба ніяк не адпавядала чужому раскладу (гэта самаіронія і манія вялікасці).
Далей “Лісоўчыкі” пачалі дыктатарскі рух па плане і зараз маюць тое, што маюць.
Калі казаць пра спробу вяртання ў палітыку… Ніякай палітыкі што магла бы ісці насуперак курсу прэзідэнта Zlodimir не было запланавана. У Paval Gawa было жаданне атрымаць медаль дыктатара, каб запоўніць цалкам профіль (калі няма чаго рабіць, то застаецца рабіць толькі гэта). Палітычны модуль памер, няма ніякіх перадвыбарчых артыкулаў. То і зразумела - няма новых гульцоў, што таксама лагічна, бо гульня сама да таго прыйшла.



- Матывацыя Рамана мне з большага зразумелая, але ўсё ж хацелася бы пачуць пра тыя прычыны, што змусілі цябе дапамагаць яму ў гэтай справе.

- Сказаць пра тое, што змусілі... Хутчэй за ўсё тут ідзе сацыяльная частка плюс дабразычлівыя адносіны адзін да аднаго ў "real life". І, вядома, дапамагаць мне даспадобы, бо тут, у гульні, гэта рабіць значна лягчэй.

- Тады пытаньне ў адказ: а ў рэальным жыцьці ты таксама маеш імідж хітравана?

- Не ведаю які ў мяне імідж - трэба ў сяброў спытаць. Сам не звяртаў увагі. Ну а ў гульні... Так думае толькі невялікая частка людзей. Складана трактаваць дзеянні пэўнай асобы, калі не ведаеш сапраўдных мэтаў тых дзеянняў спрычыніўшых. Часам смешна назіраць, калі адкрытыя ўчынкі хочуць і ўспрымаюць як частку нейкага хітрага плану, які нібыта стане е-рэальным праз некаторы час.

- Якімі ты бачыш прынцыповыя адрозьненьні Беларусі за часамі тваёй актыўнасьці ва ўрадзе ад той віртуальнай краіны, што мы маем зараз? Гэтыя зьмены прынесьлі рэгрэс, прагрэс ці стабілізавалі становішча?

- Прынцыпова нічога не змянілася, толькі дыктатарскі модуль дадалі. Як была дамова з Румыніяй перад тым, як мой тэрмін прэзідэнцтва скончыўся і я з табою пагутарыў пра лёс Eugene Just II, так і да цяперашняга часу арэнда працуе. Артыкулы-раздачы, якія так не любілі ў Федэрацыі, выдаюцца, у праграмным плане прагрэс відаць. Мультоў, здаецца, стала больш, і ў Беларусі таксама. Грошай у скарбніцы таксама паболела (за месяц 290k грошай) і адкуль яны бяруцца, будзь-то ахвяраванні “танкаў” ці з мультоў, - не мая справа разбірацца. А ўвогуле, нямала актыўнай работы было прароблена, каб е-Беларусь засталася на мапе.



- Якія зьмены як у зьнешняй, так і ва ўнутранай палітыцы, па тваім меркаваньні, маглі бы пайсьці на карысьць Беларусі?

- Скараціць спіс МРР да 3-5, працягваць працу з Літвою, скончыць працу з Польшчай (краіна-здраднік), паставіць знешнюю палітыку з Расіяй на нейтральны ўзровень. А па ўнутранай - праводзіць зборы актыўных людзей часцей, чым 1 раз на год.

- У гульні ты ўжо даволі даўна - чым яна цябе прываблівае на дадзеным этапе? Ці параіў бы ты яе камусьці са сваіх знаёмых?

- Прываблівае працягам перакладання на беларускую мову, размовамі з е-сябрамі, атрыманнем усіх медалёў, якія магчыма атрымаць. У 2011-ым параіў, запрашаў, і вынік быў - некалькі сяброў гулялі. Але зараз нават не хацеў бы размаўляць пра гульню да таго яна стала акцэнтаванай на грошах, што будзеш як Марка на пекле хадзіць, калі ў цябе няма карткі.

- І на апошняе пытаньне-прапанова: ніжэй знаходзіцца пляцоўка для твайго маналёгу - ты вольны выказацца на любую колькасьць знакаў па любой тэме, як гульнявой, так і з рэальнага жыцьця, якая цябе турбуе.

- Пераходзь на светлы бок сілы, о вялікі шляхціч! Не дай іншым людзям кантраляваць цябе! Май сваю думку і дзяліся досведам з сябрамі. Хадзі на зборы і саветы джэдайскія і не загіне прага да прыгажосці, цеплыні і дабрыні ўнутры цябе. Будзь Беларусам з вялікай літары! З Калядамі і Новым годам!