[Карчма "Зламаны рог"] І ў журбоце, і ў самоце піва лепей сьпее ў роце!

Day 2,179, 21:59 Published in Belarus Belarus by Michal Czorny

Каму дабрыдзень, каму шалом, а каму здравствуйте, ягамосьці!

Карчмяныя музыкі граюць нібыта ў апошні дзень свайго жыцьця.

Пан карчмар, пасьпяваючы адной рукой разьліваць піва па кухлях, а другой шлёпаць па азадку мінаючых яго кабетаў, нясьпешна апавядае новым наведнікам легенду "Зламанага рогу":

"Неяк кіраваўся сабе кудысьці па сваіх чортавых справах адзін калматы, смаляны нібы крумкач чорт. Ішоў ён то подбегам па лясных сьцежках, то ўпрысядкі па хмызах, то зьнянацку кідаўся галопам па палёх ня горш за найлепшых арабскіх жарабцоў. І вось, каб узяла яго трасца, завёў шлях тога чорта да маляўнічага ўзгорку, дзе з аднаго боку мурам стаяў стогадовы лес, а зь іншага — бегла імклівая рака, назва якой зьмянялася з той жа хуткасьцю, зь якой гналі тапляк з далечыні ў далячынь яе срэбныя хвалі. Прабег бы нягоднік валацужным сабакам той маляўнічы ўзгорак міма, але ж трапілася яму на вочы зусім навюткая, ладна збудаваная карчма. Карчма высілася над узгоркам, граючы на сонцы пералівамі шкла ў шыбах, а кволы ветрык разганяў па прасторах пах сьвежага зрубу, смачнейшае ежы ды ледзь улоўныя хмяльныя водары. Смаляны чорт мусіць стаў яшчэ смалянейшым, калі пабачыў гэткі цуд. Чорныя думкі завіравалі ў рагатай галаве, як бы нарабіць мацнейшае шкоды людзям. Схаваўшыся ў бліжэйшым лесе злодзей стаў чакаць заходу, каб уначы, калі гаспадары паснуць, разбурыць карчму, што гэтак мыліла ягонае хцівае вока. Калі апошнія праменьчыкі згаслі чорт падхапіў буду за кут ды й пачаў штурхаць у розныя бакі, каб ненавісныя сьцены разбурыць, пахаваўшы пад іхным цяжарам і гаспадароў, і іхных госьцяў. Але ж ня ведаў паскуднік каму карчма тая належыла. Раптам чорт, які зацята хістаў бярвеньні, зьнерухомеў — схапілі яго за рогі дзьве дужыя рукі: за адзін чортавы рог трымаўся барадач з паголенай галавой, а за другі — маладзейшы ваяр зь сякерай на баку. “Хто вы? Адпусьіце мяне!”, — завіскатаў пранізьлівым голасам смаляны злодзей. “Глядзі, яно яшчэ й па-нашаму балбоча!”, — зарагатаў барадач. “Мы бірсэркі й карчма гэтая нашая”, — адказаў нячысьціку маладзейшы ваяр ды так даў мярзотніку пад сраку, што чорт пакаціўся з узгорку, мільгаючы ў паветры хвастом ды капытамі, а ў руцэ барадатага бірсэрка застаўся зламаны чортавы рог. Ад тых часоў вісіць здабыты трафэй па-над уваходам “Зламанага рогу”, адганяючы розных нячысьцікаў ад нашае карчмы."

Такі прыйшоў пяты дзень гэтага блаславёнага панам Богам тыдню. Пятніца - дзень, калі нашая карчма, прытулак для тых, хто ўжо пасьпеў прапіцца ўшчэнт й тых, хто толькі зьбіраецца надрацца ў сьвіную цыцку, ветліва адчыняе панам ды паненкам свае дзьверы, а дужа спрытным й вокны. Працавацімем ажно да сьвітанку альбо да разьвітальнага высьпятка апошняму госьцю.


Што мусіць зрабіць мужчына ў жыцьці? Хто забіў Кэнэдзі? Ці існуе жыцьцё на Марсе? Адказы на гэтыя й іншыя пытаньні ты знойдзеш у карчме півавараў, дзе донца куфлю, поўнага найсмачным півам, сьвеціць ярчэй за Соцна! З намі добра, у нас весела! Налівай пуза півам як наліваецца сьпеласьцю колас на жніве!


Чаго сядзіш быццам сыч ды лупішся ў манітор свайго кампутару? Ня будзь ёлупам! Наш захмялелы карчмар наліе табе і кожнаму, хто прагарланіць нешта пад гэтым артыкулам, 1 кухаль піва памерам ва ўлюблёны ўсімі шчырымі беларусамі памер папіццот (500хп) задарма, а сябраў Партыі аматараў піва й ваяроў атраду Beerserkers ды сябрукоў з атраду Lisowczyki пачастуе чатырма кухлямі на 2,000хп!


З намі Піўны Бог!