[CP] Разьвітальнае слова прэзыдэнта.

Day 2,176, 06:24 Published in Belarus Belarus by Michal Czorny

Тарас Чубай - Вифлеєм

Дабрыдзень, паненкі ды панове!

Гэта маё разьвітальнае слова як прэзыдэнта краіны. Мусіць першае і апошняе, бо знаходжаньне на гэтай адказнай пасадзе адымае празьмерна вялікую колькасьць часу і я пакуль ня бачу для сябе магчымасьці працягваць гульню на ранейшым узроўні ўцягнутасьці. Спадзяюся, што прыкладзеныя мной намаганьні ня стануцца марнымі, а ўрэшце рэшт дапамогуць еБеларусі зьдзейсьніць якасны скачок у сваім разьвіцьці. А для мяне прысьпеў час падагульніць усе падзеі, што адбыліся за тэрмін майго кіраваньня.

Найгалоўным фактарам пасьпяховасьці прэзыдэнта, канешне ж, лічыцца здольнасьць узбуйніць тэрыторыю краіны. На існы момант мы валодаем усімі карэннымі рэгіёнамі, а таксама 1 расейскім і 3 фінскімі. Даволі верагодна, што цягам некалькіх гадзінаў пасьля публікацыі гэтага артыкулу Ленінградзкая вобласьць вернецца ў склад еРасеі, бо ў актыўным зараз паўстаньні значна мацнейшы за нас супернік трымае перавагу. Што ж, калі нашым суседзям будзе лепей пачувацца ва ўлоньні вугорскае імпэрыі, то мы перашкаджаць ня станем. Раней нам давялося саступіць Маскву еВугоршчыне, што было зьвязана з дамоўленасьцямі паміж нашым альянсам і адной з буйных дзяржаваў есьвету еРумыніяй. Дзякуючы гэтай дамове мы прыдбалі паўночныя тэрыторыі, але страцілі шлях, які мог бы прыносіць ня толькі маральнае задавальненьне ад факту валоданьня калёніямі, але й бонусы для айчыннае вытворчасьці.


Як бы тое ні было цяпер для тактычных манэўраў ебеларускай танкавай брыгады адкрытая ўся прастора еФінляндыі, а ня толькі невялікая яе частка, што дазволіць гусеніцам нашых танкаў успахаць новыя землі для выкарыстаньня ў сельскагаспадарчым абароце. А калі патрэбным чынам супадуць зоры пасьля магічных пасаў вярхоўнага сьвятара Крыва-Крывэйтэ, то хуткім часам уганараваная слаўнымі перамогамі ебеларуская авіяцыя заблішчыць нацертымі да высокароднага бляску фюзеляжамі сваіх баявых самалётаў пад промнямі паўднёвага сонца.


Геапалітычная сытуацыя імкліва зьмяняецца, таму існуе вялікі шанец, што неўзабаве мы здолеем пазбавіцца згаданых вышэй акалічнасьцяў на ўсходнім фронце й злучыць, урэшце, поўнач зь ебеларускай сталіцай. Галоўнае, еБеларусь паказала сябе ня толькі як надзейнага саюзьніка, пераступіўшы праз нежаданьне чуць праблемы іншых чальцоў альянсу, але й як вернага сябра для еЎкраіны, адмовіўшыся ад прапанаванай кампэнсацыі за страту бонусаў у выглядзе еўкраінскіх рэгіёнаў. Існуюць рэчы, якія не прадаюцца, і нашае сяброўства - рэч менавіта гэткага парадку.

Дзякуючы ўзгодненым дзеяньням нам удалося выціснуць трупу бадзяжных артыстаў з кангрэсу, што, па-першае, не дазволіць ім цягам месяца падцягнуць у краіну іншых інтэрнацыяналістаў, а па-другое, пазбавіла іх магчымасьці ўплываць на законатворчыя працэсы і хаду галасаваньня па прапанаваных законах. Хачу пазычыць гэтым таварышам дастаткова здаровага клёку, каб уцяміць безвыніковасьць сваіх высілкаў і знайсьці для сябе больш цікавыя заняткі па-за межамі еБеларусі.


Для вырашэньня першачарговай задачы, якой у папярэдняй справаздачы быў пазначаны бэбі-бум, мной, сумесна з чальцамі ўраду і за нашыя прыватныя грашовыя сродкі, быў падрыхтаваны й разьмешчаны на адным зь беларускіх забаўляльных сайтаў рэклямны артыкул. Мяркуючы па маіх рэфэралах, колькасьць наведнікаў, якія зарэгістраваліся па спасылцы, дасягнула 70 чалавек. Аднак на момант выдачы разьвітальнага слова я бачу, што нават павялічэньне колькасьці насельніцтва амаль на 10% застаецца ці не статыстычнай хібай на фоне дэмаграфічных стратаў краіны.

Як я зразумеў з прэсы суседніх краінаў праблема супольная для ўсіх, аднак знаходжаньне пад акупацыяй абцяжарвае яе шматкроць, бо немагчымасьць адолець зьнешняга ворага вымушае знаходзіць ды шэльмаваць воргаў унутраных. Зрэшты, для нас гэта значыць толькі адно: ежыхары працягваюць губляць інтарэс да гульні і змагацца з гэтым можна толькі агульнымі намаганьнямі, а не гістэрычным віскатам з-пад плота ”гэй, ты, зрабі што-небудзь!”. Мой пісьменьніцкі аловак заўжды гатовы саслужыць добрую службу еРадзіме, калі зьнянацку адшукаецца дабрадзей з таўстым гаманцом, ахвочы аплаціць разьмяшчэньне рэклямы на буйных беларускіх парталах.



Хачу падзякаваць за праведзеную працу усім міністэрствам, і асобна хачу вылучыць Міністэрства замежных справаў й Міністэрства абароны, якія, на маю думку, вялі свае справы ўзорным чынам. Дзякуй вам усім, сяброве! Праз асабістыя абставіны ня ўсе здолелі адпрацаваць на 100%, але, як і абяцаў у перадвыбарчай праграме, я ўзнагароджу з уласных сродкаў прэміяй ад 5 да 10 залатых тых, хто праявіў ініцыятыву за час сваёй кадэнцыі. Аднак, безумоўна, найлепшай адзнакай вашых дасягненьняў стане прапанова й надалей заставацца працаваць у кабміне.


Напрыканцы я хачу пазычыць спору ў працы на карысьць еАйчыны майму наступніку. Я цьвёрда ўпэўнены, што ім стане годны, стрыманы і ветлівы чалавек, які ня будзе самарэалізоўвацца праз абразы й падман іншых гульцоў. Спадзяюся, што яму не давядзецца прымаць рашэньні ў сытуацыях, больш падобных да патавых. Таксама маю спадзеў, што рана ці позна ўзаемапавага паміж ебеларускімі гульцамі ператворыцца ў найвышэйшую каштоўнасьць і мы зможам завабліваць нэафітаў ня толькі абяцаньнямі цікавых гульнявых магчымасьцяў, але й прыязнай сяброўскай кампаніяй, дзе пануе згода і імкненьне дапамагаць адно адному. Я, тым часам, працягну рухацца уласным шляхам па ежыцьці і стану ў шэраг сваіх паплечнікаў, каб і надалей будаваць падмурак еБеларусі ад мора да мора.