[Правы Альянс] Знаёмства з Геральтам

Day 2,457, 01:39 Published in Belarus Romania by Geralt z Ryvii

Дзень добры ў хату, спадарства!

Будзем цяпер знаёміцца пакрысе і з вамі, жыхарамі віртуальнай Беларусі. Мяне клічуць Міхасём, я трымаюся правых поглядаў, што зразумела па выбары партыі. Завітаў у гэтую гульню па запрашэньні майго сябра Chorny Wojna і дзякуючы ягонае дапамозе пачуваюся ўжо даволі ўпэўнена. Паколькі ён вырашыў ашчадзіць мой час, то да мяне ў рукі трапіў акаўнт гульца zMensk II, які сыйшоў адсюль, як я ўбачыў зь ягонага апошняга артыкула, з-за нейкіх непаразуменьняў у тутэйшай суполцы. Што ж, у кожнага чалавека свая кропка кіпеньня. Дзякую яму за пакінутую спадчыну ды зычу посьпеху й плёну ў рэальным жыцьці.


Нядаўна я па партыйным сьпісе абраўся ў кангрэс, а зараз упершыню, пры падтрымцы паплечнікаў, намагаюся ачоліць родную партыю. Скажу шчыра, я не асабліва разьбіраюся ў падзеях гэтага сьвету, але мяркую, што сябры-аднапартыйцы дазволяць мне хутка ўвайсьці ў курс справаў, бо калі маеш жаданьне, то можна зрынуць горы. Галоўнае - не заставацца ў гэтым жаданьні самотным, бо пінг-понг шмат цікавейшы ў гульні з партнэрам, а не са сьценкай.


Мой партыйны шлях распачынаецца з больш шчыльнага знаёмства зь сябрамі ”Правага Альянсу”. Рэальны ”Альянс” даволі моцна паўплываў на мой цяперашні сьветапогляд і даў мне іншую сыстэму каштоўнасьцяў, дзе Нацыя мае адно з найгалоўных мейсцаў. Цяпер я атрымаў магчымасьць аддзячыць яму за гэта, хоць і ў віртуальным сьвеце, дапамагаючы іншым беларусам адчуць гонар за Айчыну, за яе гісторыю й славутыя перамогі. Буду рады бачыць усіх вас у адным шыхце з правымі патрыётамі. Беларус вінен дапамагаць беларусу ня толькі на словах, але й на справе.


Пакуль гэта ўсё, што я меў прамовіць. На чытаньне камэнтаў вольнага часу мне звычайна бракуе, таму не крыўдуйце, калі ня стану адказваць на нейкія пытаньні. Заўжды можаце зьвярнуцца наўпрост у прыват да мяне альбо да маіх аднапартыйцаў.

Слава Нацыі!

P.S. Калі нехта ахвочы стаць камандзірам атраду Husaria Belarus,то скантактуйце з Jan Karal Chadkievicz, бо мяне ўжо чакаюць у лісоўчыках.