Споведзь раптоўнага кангрэсмена

Day 1,990, 05:59 Published in Belarus Sweden by Anarkisto


Прывітанне паважаныя чытачы!
Шмат ТОшнікаў (дый не толькі яны) дасылаюць да нас у рэдакцыю лісты з просьбамі распавесці аб тым, як патрапіць у е-беларускі кангрэс. Ну, што ж, калі гэтая тэма так цікавіць нашых латышскіх чытачоў, то не бачу перашкодаў для таго, каб распавесці ўсю праўду пра беларускую электаральную кухню.



Уся соль у тым, што кангрэс - звярок вельмі асцярожны і палахлівы, аднак пры ўсім гэтым надзвычай цікаўны. Кангрэс - майстра маскіроўкі, таму нават прэзідэнт не заўжды здольны яго заўважыць сваім прэзідэнцкім вокам.

Днямі ляжыць кангрэс, стаіўшыся ў высокіх беларускіх каноплях, камышах, чароце альбо нават у зарасніку крапівы, і ні зварухнецца. Аднак варта неасцярожнаму падарожніку не заўважыць кангрэс і выпадкова наступіць таму на хвост, як той адразу ж кідаецца на крыўдзіцеля і можа моцна пакусаць таго ажно да самой палітычнай смерці небаракі!


Дык вось ты які, е-беларускі кангрэс!

Доўгі час навука лічыла беларускі кангрэс (дый не толькі беларускі) істотай міфічнай і не існуючай, як не існуе парламентарызму ў РЛ Беларусі. Маўляў усім кіруюць іліты, а кангрэс - гэта бабулькіны казкі і прыдумкі разлагаючайся заходняй буржуазіі, якая надумала нахіліць... ну, вы самі ведаеце каго. Аднак сёння я з усёй упэўненасцю магу зазначыць, што ён (беларускі кангрэс) сапраўды існуе! І каб патрапіць у яго часам дастаткова амаль нічога не рабіць. Больш таго, твая актыўнасць і надакучлівасць, паважаны чытач, могуць напалохаць яго. Таму лепш за ўсё не праяўляць да яго ніякай бачнай цікавасці, магчыма, нават прыкінуцца мёртвым, а калі кангрэс шчыра зацікавіцца вашай абыякавасцю да яго і нячутна на мяккіх лапах падыйдзе да вашай тушкі, то вось тут-та вы не губляйцеся, а хапайце яго наўпрост за жабры!



Але паспрабую папарадку распавесці, як гэта атрымалася асабіста ў мяне. Прыкладна дзесяць дзён таму пан b0rmann выдае артыкул, у якім літаральна двума словамі распавядае пра перадвыбарчы сьпіс кандыдатаў ПАП. Пад гэтым артыкулам развязаліся нежартоўныя шкалало разборкі, ў асноўным паміж персанажамі fabula619 ды Bulbash Kamajski. Я ж, як самы дабрасумленны лайдак, не зважаючы на гэтыя разборкі запісаўся адзінаццатым у партыйны спіс, які пан b0rmann на той час здавалася не збіраўся змяняць. Адзінаццатая пазіцыя ў спісе амаль гарантавала мне тое, што я не патраплю ў кангрэс.
Далей усё закруцілася вакол вядомых падзей, калі нават гаспадары ўсіх беларускіх ботаў не маглі дакладна сказаць, якія ж партыі будуць удзельнічаць у выбарах у беларускі кангрэс. Уявіце маё здзіўленне, калі ў выніку ў дзень выбараў я пабачыў у сваім бюлетэні не толькі Партыю Аматараў Піва, але і самаго сябе на трэцім месцы ў партыйным спісе. З гэтага моманту я быў літаральна асуджанны стаць е-беларускім кангрэсмэнам, раптоўным і нечаканым...



Зыходзячы з усяго вышэй напісанага, я вымушаны прасіць прабачэння ва ўсіх добрасумленных выбаршчыкаў, хто як і я не чакаў пабачыць мяне ў спісе і з нейкай нагоды, магчыма, не жадаў бачыць мяне ў там. Таксама прашу выбачэння за тое, што не павініўся ва ўсім гэтым раней, бо літаральна на другі дзень пасля выбараў мяне чакала даволі доўгая камандыроўка па неабсяжных прасторах "матушкі РЛ Россіі". З-за гэтага я прапусціў напэўна шмат цікавага і не змог правесці апытання на конт лёсу так званага "золата кангрэсу". Яго можна было б сныкаць, але нешта ў маім арганізме перашкаджае гэта зрабіць і ў выніку я перадаў частку яго ў партыйную скарбонку, а частку - у дзяржаўную. А як бы вы зрабілі на маім месцы? Пытанне не марнае, магчыма, у будучым я буду не "раптоўным", а самым звычайным кангрэсмэнам, і ведаць меркаванне паважаных чытачоў на конт "золата кангрэсу" мне надзвычай цікава.