[Diariusz] Не пакінем жа брата ў бядзе!

Day 2,774, 01:50 Published in Ukraine Lithuania by Schrodingers Nun


Шчырыя вітаньні ўкраінскім пабрацімам зь сінявокай Беларусі!

Я быў бы рады апублікаваць гэты артыкул зь нейкай іншай нагоды, але маем, што маем. Расея напала на Ўкраіну ў тым ліку і ў гэтай гульні. Шмат хто з нас ня верыў у гэта, але ўжо даўна варта прыняць за дадзенае існаваньне на ўкраінскім памежжы людзей, здольных да любых зьнешне алягічных учынкаў. Аднак, гэта ня той выпадак, калі афіцыйная Беларусь застанецца па-над канфліктам, а па факце ў чаканьні перамогі мацнейшага, якому й можна будзе клясьціся ў вечнай вернасьці. Мы з вамі і маем намер дзяліцца апошнім. Мае магчымасьці, нажаль, не бязьмежныя, але неяк насьпела адна ідэя, якую я і хацеў бы рэалізаваць.


Не адкрыю таямніцы, калі скажу, што напад Расеі шмат у чым інсьпіраваны падзеямі ў рэальнай Ўкраіне. Шквал прапаганды, які абрынуўся на галовы грамадзянаў Расеі, у выніку вылез у мабілізацыю канапавых войскаў з мэтай вызваленьня е-Ўкраіны ад "фашыстаў". Варта дадаць, што "фашыст" - гэта ўнівэрсальная катэгорыя, у якую можна трапіць любому па першым чыху мэханікаў прапагандысцкай машыны. Тым ня менш і ў такую гульню можна гуляць удваіх. Неяк раней, у сваіх артыкулах, я ўзгадваў пра беларускі добраахвотніцкі атрад "Пагоня", які наўпрост зараз дапамагае ўкраінскаму войску ў барацьбе з расейскім агрэсарам. Што ж, самы час стварыць ягоны аналяг і ў гэтым віртуальным сьвеце.



Дзякуючы добраму чалавеку Hop hey la la ley я стаў камандзірам ўкраінскага атраду, на базе якога й будзе стварацца філія атраду Міністэрства абароны Беларусі "Пагоня". Намер просты - арганізавана ліць дамаг толькі за Ўкраіну, ставіць СО толькі за Ўкраіну і выконваць любыя загады ўраду Ўкраіны. Мной ужо абвешчаны набор беларускіх добраахвотнікаў, якія маюць намер у бліжэйшы час сканцэнтравацца выключна на змаганьні за волю ўкраінскага народу. Барацьба з Расеяй сёньня - гэта барацьба за Беларусь заўтра, бо няма сумневаў, што з гэткім падыходам да гульні Расея захопам адной Украіны не задаволіцца. Я ўжо бачыў у беларускіх артыкулах камэнтары гульцоў з Расеі з заклікам вызначацца на чыім беларусы баку, "пакуль ня стала позна". Дык вось, шаноўныя грамадзяне РФ, мы вызначыліся. Мы альбо разам пойдзем на дно, альбо разам выплывем, але не з вамі, а з насамрэч блізкім нам народам.


Гэтаксама я запрасіў у атрад сваіх баявых таварышаў зь Летувы, бо цалкам усьведамляю, што дзесяць беларусаў ня змогуць істотна паўплываць на бітву значна мацнейшых за нашую краінаў. Спадзяюся, што летувісы прымуць мае довады і атрад неўзабаве стане беларуска-летувіскім, якраз у духу Вялікага княства Літоўскага, нашай агульнай спадчыны. Да таго ж запрашаю ў атрад усіх беларусаў, якія волей лёсу апынуліся ва Ўкраіне, незалежна ад нашых асабістых узаемаадносінаў - у нас агульная мэта і гэта ня той выпадак, калі трэба нешта дзяліць. А пакуль будзем рабіць тое, што можам, бо і кропля точыць камень.