[PM] Дзяржаўная праграма інтэрнаў

Day 2,285, 06:32 Published in Belarus Belarus by Michal Czorny
Дабрыдзень, панове!

Кожны чалавек карысны, калі знаходзіцца на сваім мейсцы. Для нашай віртуальнай дзяржавы, дзе людзкі рэсурс хіба не важнейшы за залатыя запасы скарбніцы, удвая большую значнасьць набывае згаданы тэзіс. Разам мы зможам збудаваць мацнейшую краіну і дужа важна, каб высілкі па стварэньні дзяржавы "ад мора да мора" былі прыкладзеныя патрэбнымі людзьмі ў патрэбны час.

У еБеларусі на існы момант працуе 5 міністэрстваў, кожнае зь якіх у той ці іншай ступені мае патрэбу ў спаталеньні кадравага голаду, бо сталыя гульцы з розных прычынаў кідаюць актыўную гульню, а ўсімі намі горача любімыя й доўгачаканыя пачаткоўцы ня надта спрытна іх замяняюць. Такім чынам, што прапануецца, панове.

Выконваючы даручэньне пана прэзыдэнта я абвяшчаю пачатак набору ў дзяржаўную праграму інтэрнаў.



Якія магчымасьці дае ўдзел у праграме інтэрнаў?

Перш за ўсё, гэта знаёмства зь людзьмі, якія займаюць адказныя пасады ў краіне, а значыць магчымасьць пераняць іх досьвед і веды. Калі ты прагнеш разабрацца ў сутнасьці eRepublik крыху болей за націсканьне пімпачкі "працаваць", а мо нават мроіш убачыць цэтлік "прэзыдэнт краіны" на старонцы свайго профілю, то не марнуй час, браце, - руш да нас на агеньчык! Да таго ж у нас, дзякуй пан Богу, пакуль не Паўночная Карэя, таму за працу падчас стажыроўкі будзем аплочваць ня толькі чэрствай скарынкай, але й прывабна зьзяючымі залатымі, што могуць адчувальна напоўніць вашую кішэню.


Калі ты раптам пракруціў артыкул адразу да сярэдзіны, то лепш прачытай яго цалкам па-добраму, а калі быў Ў! Добрым гульцом!, то ня буду цягнуць кагосьці там за штосьці, а перайду да пераліку адкрытых для інтэрнаў стажыровачных мейсцаў:

Міністэрства адукацыі. Любіш даваць парады пачаткоўцам што й куды націскаць ды карміць небаракаў булкамі? Зьвяртайся да міністра адукацыі Doctor Antirus.

Міністэрства замежных справаў. Маеш здольнасьці ў замежных мовах ці проста хочаш кантактаваць з замежнікамі, плесьці дыпляматычныя інтрыгі ды пісаць аглядныя артыкулы? Патрэбны табе чалавек - Danatelus.

Міністэрства абароны. Ганяўся ў дзяцінстве за сябрамі з плястыкавым пісьцікам па двары ды ўрэшце вымахаў з бэйбуса ў абаронцу Айчыны ды ірвешся тузаць ворагаў голымі рукамі? Напішы ліста палкоўніку міністру абароны Alies Bu і ён навучыць салагу сапраўднаму вайсковаму е-жыцьцю.

Міністэрства эканомікі. Такі маеш жаданьне лічыць грошыкі ды рызыкаваць, зарабляючы капітал на валютным рынку? Мы маем вакансію й для цябе! Пазалаці ручку пану zMensk II і ён ператворыць цябе ў фінансавага варацілу.

Міністэрства інфармацыі. Хто распавядзе народу праўду, калі нехта са згаданых вышэй міністраў папіліць скарбніцу накасячыць? Толькі сумленны й пісьменны журналіст! Ты менавіта такі? Паспрабуй уразіць сваім талентам пана Mitreiko, калі хочаш атрымаць свой першы ганарар.


Не саромейцеся зьвяртацца й да мяне, калі нешта засталося для вас загадкава-незразумелым альбо рандомны пан міністар цягне з адказам. Кожнаму з вас даецца ў рукі рыдлёўка, але капаць ёй ад плоту й да абеду давядзецца вам самім. Дык гайда працаваць і вучыцца разам!

Прэм'ер-міністар Chorny Wojna