Інтэрв'ю з Pan Ales Bu

Day 2,850, 13:33 Published in Belarus Japan by belsniper




Насельніцтва еБеларусі павольна, але разьвіваецца. Кожны дзень у еБеларусі фіксуецца зьяўленьне новых гульцоў.



Тым ня менш, перад гульцамі еБеларусі, а асабліва перад маладымі (ньюфагамі), паўстаюць пытаньні і праблемы якія патрабуюць вырашэньня. Каб дапамагчы пазьбегнуць распаўсюджаных памылак і разабраццца ў палітычнай сытуацыі еБеларусі, рэдакцыя часопіса Letapisiec вырашыла папрасіць падзяліцца сваім гульнявым досьведам і бачаньнем палітычнай сытуацыі найбольш актыўных гульцоў еБеларусі.

Першы добры гулец, які пагадзіўся адказаць на нашыя пытаньні, займае топавае мейсца ў нацыянальным рэйтынгу еБеларусі, пасаду старшыні партыі Pravy Aljans і адданага атраду Lisowczyki камандзіра Pan Ales Bu.

Інтэрв’ ю бярэ шэф-рэдактар газэты Letapisiec, гулец belsniper.

belsniper: Прывітаньне, Алесь! Па-першае, дзякуй табе за згоду даць эксклюзыўнае інтэрвʼю і адказаць на шэраг пытаньняў для мяне і чытачоў газэты Letapisiec!

Pan Ales Bu: Вітаю, Белснайпер! Табе, як маладому гульцу, паведамляю, што ёсьць пэўныя традыцыі ў напісаньні артыкулаў - гэта музычны фон і пікчы з няшамі (тут бываюць варыянты). Хацелася бы, каб традыцыя доўжылася.

belsniper: Канешне! Традыцыі павінны паважацца, таму ў якасьці музычнага фона давайце абярэм… Алесь падказвае кампазыцыю: BosaeSonca - Люблю (home-mand video by Сярж i Лiза) . Цудоўна! 🙂 Працягнем нашу гутарку. Вельмі цікава, Алесь, чым ты займаесься ў РЖ (рэальным жыцьці), у якім горадзе жывеш, чым захапляесься, якую музыку слухаеш?

Pan Ales Bu: Жыву ў Горках, працую пакрысе. Люблю вандраваць, плаваць, чытаць кніжкі, захапляюся гісторыяй. Музыка - беларускі рок, фолк-рок, панк-рок, але не адмаўляю сабе паслухаць клясычную музыку альбо джаз. Нешта выбітнае з поп бывае. Не магу выносіць шансон, рэп.

belsniper: Ці застаўся ад вандровак край які бы ты хацеў наведаць яшчэ раз? Калі так, тады дзе б ты хацеў апынуцца яшчэ раз?

Pan Ales Bu: Канешне, так заўжды бывае, што хочацца вярнуцца туды, дзе было цікава і ўтульна. Але калі туды трапляеш другі ці трэці раз фарбы ўжо не такія. Маё ўлюблёнае мейсца Крым (было). Асабліва файна для мяне пацягацца па гарах, выпіць вечарам шампанскага на беразе мора. Выпіў бы яшчэ піва на маленькіх вулачках старой Прагі, пасьнедаў бы ў кавярнях Будапешта, зазірнуў у Дрэздэнскую галерэю старых майстроў. Але на сьвеце яшчэ столькі цікавых мясьцін, што пры магчымасьці вандраваць у тое ж мейсца можна трапіць гадоў праз 50 🙂


Поўня, шампанскае і мыс Капчык. Новы сьвет. Крым.

belsniper: Як ты патрапіў у гульню: ты знайшоў eRepublik ці eRepublik знайшоў цябе?

Pan Ales Bu: Сталыя гульцы ведаюць пра жнівеньскі бэбі-бум 2012-га, што зладзілі Ян і Франак Вячорка, - прачытаў артыкул у “Нашай Ніве”. Каму цікава пачытаць, дык вось спасылка http://www.svaboda.org/content/article/24666928.html.

belsniper:А што азначае "Bu" у тваім ніку?

Pan Ales Bu: Бу, гэта скарочанае ад бусел, бо ў мінул жыцьці быў менавіта буслом, а цалкам напісаць бусел пасаромеўся. Яшчэ быў у мяне выпадак: у старэйшых клясах у школе выконваў ролю Дзеда Мароза, а малы нейкі год чатырох, бегаў ззаду і тузаў крысо касьцюма і сьмяяўся. Мне гэта надакучыла, бо трэба ж было нейкія словы казаць і гэта зьбівала. Я хутка абярнуўся да яго, нахіліўся і як гаркну: “Бу”. Малы як заплакаў, пабег да мамы, я сам спужаўся, што так атрымалася. Вось ня ведаю цяпер ці ўсё ў яго добра з псіхікай, мо якая фобія на ДМ ёсьць.

belsniper: З фобіяй на ДМ жыць можна, горш, калі ёсьць фобія на блазнаў у наш жа час - яны паўсюль і сустракаць іх можна кожны дзень 😃 А з-за чаго ты вырашыў застацца і гуляць? Што асабіста табе спадабалася ў ерэпе?

Pan Ales Bu: Напачатку наогул клёва было: прыйшло каля 2000 новых гульцоў ды з нацыяналістычных рэсурсаў. Новыя стасункі, шмат артыкулаў, ідэі. Зразумела я вырашыў заставацца да той пары пакуль не выганім з еБеларусі маскалёў. Так і адбылося, пакрысе яны мігравалі ў іншыя краіны, хоць і не ўсе аказаліся дрэннымі - той жа Сімуст хоць і пісаў што ён “Лукашэнка ў ерэп”, рабіў гэта з тактычных меркаваньняў. Ён думаў як і шмат расейцаў, што ўсе беларусы шануюць Луку, але потым мы зь ім стасаваліся і ён выявіўся неблагім хлопцам і нядрэнным арганізатарам. Застаўся дзякуючы ўтульным скайп-чатам - калі б іх не было, здаецца мне, і 100 чалавек бы ў еБеларусі не засталося.

belsniper: Калі б ты быў распрацоўшчыкам ерэпы, што б ты зьмяніў ці дадаў бы ў гульню?

Pan Ales Bu: Дыктатуру дакладна бы скасаваў. Асабліва гэта тычыцца еБеларусі, бо шмат гульцоў прыходзіла ў рэпу каб паспрабаваць сябе ў палітыцы. Гэта тое, чаго не хапае беларусам у РЖ. І да дыктатуры палітычны блок быў не вельмі, а зараз зусім дрэнна. Далей, даць магчымасьць краінам мяняць форму кіраўніцтва: парламенцкая рэспубліка, манархія, таталітарызм і г.д. У эканоміцы ўвесьці кожнай краіне сваю валюту з рознымі курсамі да голда, інфляцыю, нацпраекты. Трэба больш кнопак і механікі для палітыкі і эканомікі, каб можна было плянаваць палітычную і эканамічную стратэгію як партыі так і краіны - тады будуць гульцы заставацца. Зараз, нажаль, у гульні вырашае данат і сталыя гульцы, што пампаваліся некалькі год.

belsniper: У цябе свая стратэгія гульні ці ты пераняў правераныя спосабы ад олдфагаў (дасьведчаных гульцоў)?

Pan Ales Bu: Як і ўсе рабіў шмат памылак, калі пачынаў, потым чытаў артыкулы, пытаў нешта ў скайп-чатах.

belsniper: Што бы ты параіў маладым гульцам, каб найхутчэй разьвіць свой персанаж?

Pan Ales Bu: Раней бы я сказаў ”ня біць, голд не марнаваць, апаць трэніравальныя пляцоўкі да ку4 і пампавацца”. Каб прыстойна выглядаць у Д1 на гэта трэба 2 гады. Цяпер скажу, што варта спрабаваць усё: шмат біць, спрабаваць узяць БХ, мультаводзіць. За месяцы 3 гулец зразумее з большага што і як рабіць і купіць новы ак з прыстойнай моцай. Абавязкова сацыялізавацца праз скайп-чаты - гэта той падмурак, што аб’ядноўвае людзей і дае шмат карыснай інфармацыі.

belsniper: Якім ты бачыш будучыню свайго МЮ (Мілітары Юніт, вайскавы атрад) і партыі якой кіруеш?

Pan Ales Bu: Наконт атраду Лісоўчыкі, неўзабаве будзе артыкул, бо праводзілася апытаньне сярод гульцоў МЮ, там гэтая тэма будзе раскрытая. Партыяй ПА мы кіруем сумесна праз Сойм партыі. Правы альянс зараз займае першае мейсца ў рэйтынгу і зьяўляецца найбольш дысціплінаванай партыяй. Складана нешта рабіць, бо, як я раней казаў, дыктатура і адміны забілі некаторыя рэчы: няма такой барацьбы, якая была раней, за абраньне ў кангрэс. Зараз спрабуем крыху ажывіць партыю і партыйную працу.

belsniper: Падзяліся сваім меркаваньнем наконт зьнешняй палітыкі еБеларусі, калі ласка.

Pan Ales Bu: Пасьля выхаду з LETO плянавалася зьбліжэньне з Польшчай і далучэньне да блоку краінаў пра-Сырыюс, але палякі ня вытрымалі, іх прынізілі і зь вядучай краіны яны апынуліся ў ролі сатэліта. Павялі сябе вельмі дрэнна, выпілілі свайго даўняга хаўрусьніка Летуву дзеля бонусаў і падпісалі пакет MPP пра-Астэрыя. Дзякуючы гэтай здрадзе Сырыюс разваліўся і зараз у еСьвеце дамінуе Астэрыя. На даздены момант зь сяброў-суседзяў у нас толькі Летува (без рэгіёнаў) і Ўкраіна. Больш моцныя ворагі: Польшча, Латвія, Вугоршчына. Да адносна нэйтральных аднясу Румынію і Масковію. Зьмены могуць адбыцца толькі калі здарыцца новы падзел альянсаў, таму падтрымліваем стасункі з краінамі, што аб’ядноўваюцца вакол Чылі.


Пано - працэсія саксонскіх каралёў на сьцяне замка Дрэздэна.

belsniper: еБеларусь, якой яна павінна стаць дзякуючы гульцам, і на тваю думку зь якімі краінамі павінна сябраваць?


“Саксонская Швейцарыя” нацыянальны парк.

Pan Ales Bu: Добра б было канешне, каб у нас было 10к гульцоў з добрымі акамі, але… Стаць - гэта, канешне, еСусьветнае дамінаваньне. Дакладна магу сказаць, што не хацеў бы сябраваць з Сэрбіяй, Польшчай, Латвіяй і Расеяй.


belsniper: Як ты лічыш, ці магчыма ўчыніць ББ (бэбі-бум) у еБеларусі і што для гэтага кожны гулец павінен зрабіць?

Pan Ales Bu: Зрабіць можна і рабілі не адзін раз, але гульцы, што прыходзяць дзеля палітыкі, тут яе асабліва не знаходзяць. Гэта тычыцца ня толькі еБеларусі: у лепшыя часы было, калі не памыляюся, каля 150к гульцоў, топ-краіны мелі па 20к гульцоў. Каб людзі затрымліваліся патрэбны заходы ад Плата (стваральнікаў гульні).

Зьменім музычны фон: Семён Слепаков: Песня про нефть

belsniper: Якая зь дзяржаўных пасадаў для цябе была найбольш цікавай?

Pan Ales Bu: Дыктатара, бо працаваў як Папа Карла і за прэза, і за кангрэс, і, зразумела, як ком атрада. Асабліва падчас AS на Ізраіль было шмат працы.

belsniper: Ці можаш ты прыгадаць курʼёзны выпадак які так ці інакш зьвязаны з гульнёй?

Pan Ales Bu: Два гады таму, калі быў у Крыме, кожны дзень купляў піва ў кавярні, каб атрымаць пароль ад Wi-Fi дзеля рэпкі (упорак карацей).


На плошчы перад магістратам у Вене цырк “шапіто”, піва, “штурм” і кілбаскі.

belsniper: Працягні выказваньне: каханьне - гэта...

Pan Ales Bu: ...давер і праца.


Карлаў мост. Прага.

belsniper: Алесь, што бы ты пазычыў нашай гульнявой суполцы?

Pan Ales Bu: Падвышаць сельскагасударсцьвеннасьць і тады будзе ўсё добра.


Крыху сельскагасударсцьвеннага накірунку.
«Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага». Хто не быў, раю наведаць, не пашкадуеце. Менск, пл. Свабоды, 15

belsniper: Дзякуй вялікі табе за цікавую размову і за цікавыя адказы! Посьпеху!

Pan Ales Bu: І табе дзякуй, посьпехаў у РЖ і ў гульні.


Хлопчыкі што сікаюць на карту Чэхіі. Прага.

Ад рэдакцыі. Будзем удзячны любым камэнтарам, бо 25 камэнтароў паскораць сканчэньне місіі "Senior Journalist" і дзякуй вам за ўвагу!