Казка пра Чорта, Цукровага Мужычка ды Алеся Войну

Day 2,827, 13:16 Published in Belarus Sweden by Anarkisto


Дабранач, даражэнькія хлопчыкі й дзяўчынкі!

Вось і надыйшоў чарговы адвячорак і ночка пакрысе ахінае сваім крылом наш родны крут, а гэта значыцца, што прыйшоў час класьціся ў ложкі, заплюшчваць вочкі й слухаць вячэрнюю казачку.

Сёньня я раскажу вам беларускую народную казачку пра Чорта, Цукровага Мужычка ды Алеся Войну. Слухайце...



Жылi неяк на нашым лiтоўскiм Палесьсi два суседа: Цукровы Мужычок i зьбяднелы шляхціч Алесь Война. Жылi не тужылi, залiшне не сябравалi, занадта не ваявалi, адзiн да аднаго ў душу не лезлi, чужой мяжы не чапалi, а як бывала, якi зь iх перакiне каменчык са свайго поля на суседняе, то зь кiм жа такога не здаралася? Карацей жылi яны ў поунай адпаведнасьцю з прынцыпамi дзэн-бульбiзму.
І вось аднаго разу капалi яны на сваiх балотных палетках бульбу. Доўга капалі й сышліся амаль на мяжы, бадай што па пару баразён засталося скапаць кожнаму, а міма тым часам бёг Чорт. Звычайны такі Чорт - вочкі маленькія, крыху раскосыя, носік пімпачкай, хвосьцік кручочкам. З тых якія й у нашыя часы бывае сустракаюцца ды й ня толькі ў маскоўскіх землях (дзе клімат, як вядома, найбольш спрыяльны для гэтага племені) але й у нашых краях, а часам і далей на захад, у Эўразьвязе.

Пабачыў Чорт нашых суседзяў і давай масьціцца каля Алеся Войны, дапамагаць дакопкам. Гэта значыцца ў долю ўвайсьці захацеў. Ды хай бы сабе ў долю, але тут жа пачаў вучыць нашага героя, маўляў, ня так ды й ня тое ты робіш, а трэба так-та ды вось так-та й ішоў бы ты ўвогуле чалавеча падалей ад майго поля... Паглядзеў Алесь Война выразна на шаблю, што на мяжы ляжала, а потым ня меньш выразна паказаў Чорту свой кулак. Чорт у сваю чаргу паглядзеў на шаблю, на кулак, паглядзеў і на Цукровага Мужычка, а той стаіць насупіўся, кулакі сьціснуў, спадылба паглядае. І хто яго ведае, што у галаве ў чалавека, у якога ў крыві дзэн-бульбізм? Бывае й кінуцца можа.
Засмуціўся Чорт, пачаў да суседзяў ласьціцца:
- Да, что же вы, ребята? Я же пошутіл! Я же свой, чужого нікогда не возьму. А хотіте я у вас ваші поля выкуплю?
І дастае аднекуль два важкіх гаманца. Раскрыў ён тыя гаманцы, а ў іх паўнютка золата. Так і зьзяе!
Паглядзеў на тое золата Цукровы Мужычок ды й кажа:
- А навошта мне гэтае золата? У мяне вунь цукар ё. Я яго й на булкі зьмяняць магу й на ялавічыну...
- Но і поле тебе больше не нужно, так как картопфель ты почітай уж весь скопал! - спакушае Чорт.
"А й праўда, бульбы лічы 70 мяхоў накапаў, ды й яшчэ пад кепку з дзесятак бульбін запхнуў (бо мяшкі скончыліся)," - падумаў Цукровы Мужычок і пагадзіўся на прапанову Чорта.

- А ты, Алесь Война? Покаешься? - запытаў Чорт у шляхціча.
"І на чорта мне тое золата? - падумаў Алесь Война. - Я хоць і не цукровы магнат, але на булку сабе як-небудзь зараблю, а вось калі б прымусіць Чорта зрабіць які-небудзь добры ўчынак, то яго б у пекла болей не пусьцілі бы й прышлося б яму перайсьці на бок усіх добрых гульцоў."
А ўслых кажа:
- Ня трэба мне тваё золата, а поле гэтае я табе й так аддам за невялічкую паслугу: дапамажы, Чорт, скапаць бульбу ўсім добрым гульцам адсюль і ажно да Вільні. Ды й не за грошы ці за магарыч, а так проста ад шчырага сэрца.
І адказаў яму Чорт:
- Ну что ж, посмотрім. Нет, нет і нет.
А потым узяў пад паху застаўшыся гаманец і, крыху засмучаны, але агулам задаволены сабой паскакаў у пекла. Там яго чакалі дзьве пакаяныя душы, якія ён прызвычаіўся смажыць на малым вогнішчы, калі накатываў на яго сусьветны сум з-за чарговай няўдачы. Няхай не такі вялікі ўлоў, дзьве душы з усяе Беларусі, але затое свае родныя, ушчэнт ім перавыхаваныя. Былі тыя душы цьвёрда ўпэўненыя, што то ўсе беларусы ды ліцьвіны вінатватыя ў тым, што смажацца яны ў катле й іх ніхто не паратуе, а Чорта наадварот лічылі сваім абаронцам ды дабрадзеям.



А што жа нашыя героі? Дакапалі яны бульбу ды й пайшлі па хатах. Алесь Война толькі з ураджаем, а Цукровы мужычок з ураджаем і поўным гаманцом залатых. Прыйшоў ён да хаты, зачыніў сенцы, адчыніў гаманец і пасыпалася на падлогу... звычайнае жоўклае лісьце. І адразу пачуўся грукат у дзьверы й крыкі панскіх гайдукоў:
- Адчыняй, Цукровы Мужычок, дзьверы! Па вёсцы плёткі ходзяць, што стаў ты багаты на золата, а старых сяброў і магарычом не пачастуеш? Не па-боску гэта...
Кінуўся Цукровы Мужычок адчыняць дзьверы:
- Ой, вы пане-дабрадзею! Падмануў жа мяне Чорт. Насыпаў замест золата поўны гаманец лісьця!
- Які Чорт? Што ты вярзеш, хітруга? Схаваў грошы? Ну, дык атрмай штрафу табе!
І так яго аштрафавалі пугаўём па мяккаму месцу, што потым нядзелю было яно цьвёрдым і Цукровы Мужычок нават і прысесьці ня мог, а потым усё адно прыйшлося перад гайдукамі прастаўляцца, а то б маглі б не пугаўём а паўнавартасным пермабанам атхадзіць! Вось так-та.



Казка мана ды ў ёй намёк, добрым гульцам усім урок. Усе асобы й падзеі ў казцы выдуманыя, але не існавала яшчэ такой казкі, якая б раней ці пазней не ўвасобілася бы ў тым ці іншым мейсцы. Таму калі нехта пералічвае на ваш акаўнт поўны гаманец золата, заўжды памятайце, што золата тое можа быць чортавым і апоўначы пераўтворыцца яно ў важкі штраф, а ваш акаўнт у мёртвага сітзэна, а вашая галава ў гарбуз, а гарбуз у качку, а качка ў гуся, а гуся раздавіць бульдозер... але гэта будзе ўжо зусім іншая казка, а зараз час засыпаць і прысьніць добры сон пра добрых гульцоў...