[Diariusz] ...а ты ўсё яшчэ тлустая

Day 3,205, 01:54 Published in Belarus Lithuania by Schrodingers Nun


Сканчаецца лета, а ты ўсё яшчэ тлустая працягваеш навальваць у бажэсьцьвенна-панылую румынскую браўзэрку, дадаючы таўшчыні лінзам акуляраў ды завязваючы гемаройныя вузельчыкі... Такі я не зьбіраюся зараз пасыпаць галаву попелам, бо ўжо даўна не ў пубэртаце, каб неяк моцна турбавацца ды сумаваць з нагоды завяршэньня сэзонаў году. Банальна заўважу, што ў жыцьці досыць падзеяў, якія хацелася бы перайграць наноў, прайсьці квэст лепш ці, прынамсі, інакш, але "але". Ты чухаеш сваю крыху мацней пасівелую патыліцу і жывеш далей так, як атрымліваецца, рэпосьцячы сьмішныя карцінкі з адной сац.сеткі ў іншую ды марнуючы грошы ва ўсё более лучшэй браўзэрцы, каб нехта за тысячу кілямэтраў ад цябе мог пракаціцца па залітых сонцам вуліцах Бухарэста на зьзяючым "Дастэры", а ты атрымаў бы магчымасьць давесьці камусьці ў інтэрнэце, што апанэнт ня мае рацыі.



Мяркуеце, што мне закарціла публічна паскарадзіцца на лёс? Пастагнаць як маладзён над целам забітай нявесты? І так, і не. Насамрэч я спрабую напісаць перадвыбарку да ўсіх маючых адбыцца электаральных гульбішчаў, але атрымліваецца менавіта так, а не інакш. Чаму? Як і пазначана ў маім профілі, я сьлішкам стар для этава дзярма - жаданьне аднойчы саступіла абавязкам і пачуцьцю асабістай адказнасьці. Надыйшло разуменьне, што ватнае бінга - лепшая гульня ў сьвеце, але паглыбіцца ў яе табе не даюць гарэзьліва-крывыя рукі наступнікаў, здольныя і шпрота на рамашцы ў кангрэсе ажаніць, а цябе аж трасе, калі пра гэта падумаеш.


У дагараючым жніўні шыпячым вугальком праляцеў юбілей: чатыры, халера іх бяры, гады, праведзеных мною ў рэпцы. Пры тым, што звычайна больш за два гады ў адну гульню я не заліпаю. Ці шкадую пра змарнаваны час? Не, зусім не. Шмат чаго было зроблена і называць сябе гульнявым неўдахам язык не павернецца. Тым ня менш, я пішу гэтыя радкі, а значыць існуе нейкая істотная праблема. І гэта маё расчараваньне. Каб заставацца ў трэндзе зараз варта было б раскатаць на пару абзацаў як гульня коціцца па нахільнай і як злосныя адміны забіваюць яе, але цымус зусім у іншым. Глупства вінаваціць у сваіх пройгрышах інструмэнт, калі ягоныя памеры і форма ва ўсіх аднолькавыя.



Маё расчараваньне таксама мае форму, і нават твар. Твары ўсіх тых гульцоў, якія павінныя былі замяніць мяне ля стырна краіны, скінуць старога капітана ў мора і накарміць ягоным друзлым целам тамтэйшых істотаў. Каб паскорыць непазьбежнае стары капітан час ад часу прагульваўся ля борта карабля там, дзе ён быў найніжэйшым, толькі ў мутную ваду заўжды падалі іншыя, нават у перадсьмяротнай агоніі запэўніваючы, што адчуваюць сябе прыўкрасна, і дачакацца моцнага штуршка ў сьпіну ад цьвёрдае рукі так і не пашчасьціла. А значыць карабель будзе плыць як і раней, у той бок, дзе сканчаецца гарызонт. А ты будзеш заставацца тлустай.