[Diariusz] Зварот да братоў

Day 2,620, 05:26 Published in Ukraine Lithuania by Schrodingers Nun


Дзень добры, хлопцы...

Доўгі час сяброўства паміж Украінай і Беларусьсю, аднолькава роднымі для мяне краінамі, было ў гэтай гульні ў значнай ступені нефармальным. Мы знаходзіліся па розныя бакі барыкадаў: пакуль вас зьнішчала Вугоршчына, Беларусь спрабавала быць ёй добрым хаўрусьнікам. За часам майго прэзыдэнцтва ўвосень 2013 году мне, яшчэ зялёнаму гульцу, давялося вырашаць цяжкое пытаньне, што ўзьнікла з пасылу кіраўніцтва альянсу TWO, сябрам дачыннага альянсу якога тады была Беларусь: ці атакаваць Украіну, як таго хацеў альянс, каб атрымаць бонусы для сваёй Бацькаўшчыны.



Беларусі была абяцаная падтрымка ва ўтрыманьні пад акупацыяй украінскіх рэгіёнаў, і як добры кіраўнік, я павінен быў зрабіць просты і відавочны выбар. Але рацыянальнае на той момант адыйшло на другі плян. Мой унутраны маральны імпэратыў пайшоў рэзка супраць прапанаванага выбару. Па-першае, дабіваць ляжачага было па-за нормамі прыстойнасьці. Па-другое, дабіваць брата значыла забіць усё чалавечае ў сабе.


Сёньня Беларусь трапіла ў апісанае вышэй становішча "ляжачага". Прысьпеў час і для нас насьцярожана ўзірацца ў твары тых, хто здольны зрабіць апошні ўдар. Як паказвае вайна на Данбасе й Луганшчыне, той, хто яшчэ ўчора ўголас называў цябе сваім братом, можа ўдарыць нажом у сьпіну ў зручны для злодзея момант. Менавіта тое адбываецца і зь віртуальнай Беларусьсю цяпер. Доўгі час мы не маглі вызваліцца з-пад шматлікіх акупантаў і атрымаць магчымасьць правесьці выбары ў кангрэс. І калі, нарэшце, промень сьвятла трапіў у вакенца нашае хаціны, Расея вырашыла дабіць ляжачага, спрабуючы ў чарговы раз пакінуць Беларусь без кангрэсу, караючы нас за наш выбар.


Мне, безумоўна, вядома, што і справы братоў-украінцаў ідуць не найлепшым чынам. Але ці здольныя мы падзяліцца апошнім, калі таго вымагае час і ўмовы? Я ўпэўнены, што можам. Гэта наўпрост зараз даказваюць беларускія байцы, якія поплеч з украінцамі ваююць і гінуць на ўсходзе Ўкраіны за вольнасьць абодвух нашых народаў. Хай пан Бог спрыяе гэтым мужным людзям, пакуль мы змагаемся на віртуальным полі бітвы. Адзінае, што я магу зрабіць для сваёй краіны на гэты момант, - гэта зьвярнуцца з просьбай да ўкраінцаў дапамагчы Беларусі абараніцца ад расейскага агрэсара.



З гэтай мэтай я абвяшчаю раздачу па 100 q5 ежы і 10 q7 танкаў кожнаму ўкраінцу і беларусу, хто адпішацца ў камэнтах пад гэтым артыкулам.

Слава Україні!
Жыве Беларусь!
Жыве братэрства!


P.S. Згаданая вышэй спроба прыняцьця NE была заваленая з розьніцай у 1 голас. Дзякуй тым нешматлікім людзям у расейскім кангрэсе, што захоўваюць здольнасьць крытычнага мысленьня. Мы ж застаемся ў чаканьні чарговай прапановы атакаваць Беларусь.