[Правы Альянс] Нараджэньне правае партыі

Day 2,249, 22:49 Published in Belarus Belarus by Pan Alhierd

Вітаем вас, шаноўныя суайчыньнікі!

Учора былі абвешчаныя афіцыйныя вынікі выбараў старшыняў беларускіх партыяў і я ўпершыню ў сваім е-жыцьці ўзначаліў адну зь іх. Я маю сваёй мэтай стварэньне новай нацыянальна-арыентаванай правай палітычнай сілы і менавіта таму мною была абраная для ўвасабленьня гэтае ідэі шматпакутная партыя, храналёгія разьвіцьця й дэградацыі якой заслугоўвае асобнага артыкулу.

Аднак цяпер прысьпеў час вярнуць ёй належнае мейсца на палітычным Алімпе, што я неўзабаве й пляную зьдзейсьніць з дапамогай майго больш дасьведчанага сябра Chorny Wojna, а такcама ўсіх ахвочых далучыцца да стварэньня партыі правых беларускіх патрыётаў.


”Правы Альянс” - вось тая назва, што мы супольна вырашылі абраць. Як і ў выпадку Партыі Аматараў Піва, гэта палітычная арганізацыя, што існавала й існуе ў рэальным жыцьці й прыхільнікі якой мелі пэўны ўплыў на беларускія падзеі. Маю спадзеў, што ў дзяржаве віртуальнай прыкладзеныя сябрамі "Правага Альянсу" намаганьні ня стануць марнымі. У любым выпадку ўсё, што мы будзем рабіць, падпарадкуецца толькі адной звышідэі - ўзмацненьне Беларускае Нацыі.

Мы зьяўляемся маленькай кропляй у вялікай няспыннай плыні беларускіх пакаленьняў і мусім ня даць перарвацца ягонаму імкліваму руху наперад. Родная Беларусь, калі б мы маглі нараджацца і паміраць паводле ўласнага жадання, дык не жадалі нічога больш, як толькі мець магчымасьць сем разоў памерці за тваё Адраджэньне і славу й восьмы раз нарадзіцца ізноў беларусамі. Дзе б мы не былі, на якой сацыяльнай лесьвіцы не стаялі, мы навечна застанемся Альянсам, што стаіць на варце беларускіх інтарэсаў.

Мы трымаемся правых - кансэрватыўных, традыцыяналісцкіх каштоўнасьцяў. Беларусь - наш адвечны нязгасны зьніч!


Праграма партыі пакуль яшчэ не акрэсьленая, бо яна мусіць выкрышталізавацца праз зацятыя спрэчкі й выпакутаваныя пагадненьні, але мы дакладна ведаем якім ”Правы Альянс” ніколі ня будзе:

— нашую партыю ніколі не ачоліць чалавек, які ў рэальным жыцьці трымаецца супрацьлеглых палітычных поглядаў і лезе на старшынства толькі каб задаволіць свае ўласныя амбіцыі,

— памкненьні альянсаўцаў ніколі ня будуць накіраваныя супраць Бацькаўшчыны — беларусафоб ніколі ня трапіць у наш выбарчы сьпіс,

— у шэрагах Альянсу не затрымаюцца надоўга выпадковыя людзі, якія зьмяняюць партыі як пальчаткі ў шалёнай пагоні за мэдалямі.


Мы запрашаем да супрацы ўсіх адэкватных і неабыякавых людзей, якія маюць уласнае меркаваньне і для якіх словы ”Любоў да Айчыны” ня проста выпадковая сукупнасьць літараў. Вы патрэбныя тут і зараз.

Заснавальнікі "Правага Альянсу" Begoml і Chorny Wojna