[МЭФ] Навуковы аддзел. Падаткі.

Day 1,856, 12:06 Published in Belarus Belarus by Belarusian Ministry of Finance
Мікраэканоміка і імпартныя мыты: куды трэба рухацца by zhauranak


Пачну з базісу эканамічнай тэорыі.
Яшчэ да Падзелаў Рэчы Паспалітай выбітнейшы сын шатлянцкай нацыі Адам Сміт (1723 -1790) сфармуляваў тэорыю, што ў адсутнасьці зьнешніх рэгулятараў а.к.а. ў “ідэяльным рынку” попыт на тавар уяўляе сабой сукупнасьць шматлікіх пакупнікоў, якія гатовыя купіць тавар за розныя цэны.



Чым ніжэй цана тым болей пакупнікі здольныя купіць вялікія колькасьці. З другога боку, вытворцы будуць вырабляць і прадаваць болей тавару, калі ягоная цана падвысіцца. Такім, чынам у вольным рынку функцыі попыту й прапановы сустрэнуцца – і тое будзе раўнаважная цана (з раўнаважнай колькасьцю К😉. Вы гэта можаце назіраць вельмі ярка ў eRepublik. Функцыі попыту й прапановы могуць зьмяняцца, ад гэтага будзе зьмяняцца раўнаважная цана. Напрыклад, калі ў вайну функцыя попыту зьмяшчаецца “ўправа” – раўнаважная цана расьце.

Разглядзім простую мадэль дабрабыту вытворцаў і пакупнікоў.
Функцыя Прапановы – гэта сукупнасьць прапановаў, ці жаданьне прадаць (ЖП). Розныя вытворцы гатовыя прадаваць адмысловую колькасьць, дапусьцім, ежы за адмысловую цану. Аналягічна, розныя пакупнікі гатовыя набыць розныя колькасьці ежы па розных цэнах. Пры раўнаважнай цане хтосьці з вытворцаў “задаволены” і мае лішак, бо яна значна вышэйшая за тую, па якой той спадзяваўся прадаць. Хтосьці не Іхны агрэгатны прыбытак гэта й ёсьць бэзавае поле. Дабрабыт пакупнікоў выяўляецца так жа сама: Калі я адклаў 100 рублёў на 100 адзінак ежы, а заплаціў толькі 50, то мой лішак – 50 рублёў. У купе, мноства транзакцыяў паміж пакупнікамі і вытворцамі і іхныя лішкі прадстаўляюць памаранчавыя і бэзавыя палі (гэта можна вылічыць інтэграваньнем).




Аднак, на практыцы мы маем адкрытую эканоміку і Замежную прапанову. ЗП – гэта найнізшая цана замежных вытворцаў па якой яны прапаноўваюць свой тавар. З-за вялікай колькасьці вытворцаў наш уласны рынак ня можа ўплываць на тую функцыю і таму мы маем канстанту.
Уявім, што ЗП на 40% ніжэшая за нашую РЦ – раўнаважную цану. У адсутнасьці імпартных мытаў мы маем наступнае:

Пакупнікі купляюць беларускае пакуль цана беларускага попыту не зраўняецца з ЗП (далей яны будуць індыфэрэнтныя, калі не будуць любіць бацькаўшчыну🙂 Іншымі словамі: толькі тыя вытворцы змогуць прадаць сваю прадукцыю, якія “трапляюць” у раўнаважную цану. Прадаваць ніжэй за сабекошт ніхто ня будзе.
Пакупнікі жа цяпер маюць магчымасьць таньней набываць рэчы і агульная колькасьць транзацыяў вырастае да ўнутранай К попыту (гл. Дыяграму). Тут мы маем фіксаваную раўнаважную Цану, Ц**.
Дабрабыт пакупнікоў значна павялічыўся, а дабрабыт вытворцаў – зьнізіўся. Колькасьць імпартаваных тавараў – К*.
Амаль любы эканаміст вам скажа, што адкрытая эканоміка лепей за ўсё, аднак мыты існуюць нават у краінах, дзе ва ўладзе прыслухоўваюцца да эканамістаў (абарона беспрацоўных, пачатковыя індустрыі – усё гэта ў eRepublik неактуальна!)

Уявім эканоміку з імпартнымі мытамі:
Дапусьцім, урад паставіў імпартную мыту на зброю ў 15%.
Карычневая рыса цяпер вышэйшая за фіялетавую і раўнавага знаходзіцца там, дзе яна скрыжуецца з чырованай лініяй. Дзяржава зарабляе на тым, што абкладае мытамі імпартных пастаўшчыкоў (але губляе ў заробленым Падатку на Дададзеную Вартасьць з агульнай колькасьці транзакцыяў!). Беларускія пакупнікі маюць лішак меньшы, чым мелі б у адсутнасьці мытаў. Беларускія вытворцы маюць лішак большы. Такім чынам, дзяржава і вытворцы “адабралі” лішак у пакупнікоў.
Лішак пакупнікоў:
• З імпартнымі мытамі: А
• Без імпартных мытаў: A+B+C+E+F
Лішак вытворцаў:
• З імпартнымі мытамі: B+D
• Бяз імпартных мытаў: D
Заробак дзяржавы:
• З імпартнымі мытамі: C+F
• Бяз мытаў: няма
Агульны лішак:
З імпартнымі мытамі: A+B+C+D+F
Бяз мытаў: A+B+C+D+E+F
E – змарнаваныя рэсурсы ў рэзультаце падаткаабкладаньня.
З гэтага выходзіць наступнае:
Падвышэньне імпартных мытаў вядзе да штучнага паляпшэньня дабрабыту хатніх вытворцаў і ў частцы выпадкаў павялічэньня паступленьняў у казну, але значна зьніжае дабрабыт пакупнікоў, зьніжаючы агульную колькасьць транзакцыяў (меней ПДВ для дзяржавы) і агульны лішак. Мыты на зброю такім чынам зьніжаюць агульны damage нацыі (бо бальшыня гульцоў – небагаты 1 і 2 дывізіён) і прыносяць дабрабыт “бедных” у рукі “багатых” (гульцоў, якія маюць некалькі кампаніяў і могуць вырабляць сотні адзінак зброі штодзённа).
Любы ўрад павінен паляпшаць дабрабыт насельніцтва і damage сваёй краіны. Нізкія імпартныя мыты не давядуць гульцоў высокага ўзроўню да галечы, але дапамогуць пачаткоўцам і сярэднячкам падняцца і мець большы ўплыў у бітвах.
Чорны рынак
Высокія імпартныя мыты даюць магчымасьць “чаўнакам” набываць тавары ў краінах з разьвітымі рынкамі (нізкімі цэнамі) і прадаваць іх у Беларусі прыватнымі транзакцыямі, абыходзячы імпартныя мыты. Такім чынам а) дзяржава не атрымоўвае паступленьняў ад ані мытаў ані ПДВ b) хатнія вытворцы не прадаюць пакупнікам – марнуюцца іхныя інвэстыцыі і c) новыя гульцы, ведаючы гэта, ня будуць інвэставаць у эканоміку.
Спэкуляцыя
Пад спэкуляцыяй мы разумеем набыцьцё тавараў па таннай цане і продаж па болей высокай з мэтай зарабіць прыбытак (безь вялікіх інвэстыцыяў). Такога кшталту транзакцыі толькі падвышаюць Раўнаважную цану, зьмяньшаючы дабрабыт пакупнікоў, самі анічога не ўкладаючы ў вытворчасьць. ПДВ на зброю і ежу вышэй за 3-4% звычайна робіць такую практыку нерэнтабельнай для спэкулянтаў. Што тычыцца сыравіны для зброі (гандаль якой не абкладаецца ПДВ для замежнікаў), то імпартныя мыты ў 3-4% звычайна дастаткова каб абгарадзіць краіну ад замежных спэкулянтаў. Нажаль, на спэкулянтаў хатніх управы няма.
Мыты на сыравіну VS мытаў на гатовыя прадукты
У канчатковым сэньсе, еБеларусі патрэбная зброя і ежа для росту і абароны. Сыравінай нельга падвысіць энэргію, альбо нанесьці шкоду ворагу. Падвышэньне мытаў на сыравіну нашмат горш, чым падвышэньне мытаў на гатовыя прадукты! І вось чаму: высокія мыты на сыравіну скажаюць “інвэстыцыйнае рашэньне”: ці ўкладаць сумленна ашчаджанае золата ў шахты і зямлю альбо ў фабрыкі й харчовую прамысловасьць. Краіна з высокімі мытамі на сыравіну рызыкуе стаць “сыравіннай нацыяй” без уласнай моцнай індустрыі, бо абароненыя імпартнымі мытамі “сыравінныя магнаты” будуць трымаць статус кво, а 1-3 дывізіён будзе перабівацца раздачамі і дарагімі зброяй і ежай ад імпартэраў ці нешматлікіх хатніх вытворцаў. Гэта ў сваю чаргу зьменьшыць damage еБеларусі і ў каторы раз паўстане пытаньне нацыянальнай бясьпекі.
Нашмат разумней максымальна зьнізіць імпартныя мыты на сыравіну каб хатнія вытворцы змаглі імпартаваць з тых краінаў, дзе натуральна нізкія цэны на адмысловыя прадукты. Напрыклад, на Беларусі ня хутка будзе натуральна нізкія цэны на сыравіну для ўзбраеньняў (гл. Мапу), а вось харчовая сыравіна даволі танная быць можа.
У заканьчэньне
Шмат каму суворая эканамічная праўда можа не спадабацца. Але калі вы гуляеце за еБеларусь і жадаеце краіне росту і прэстыжу – ня варта думаць толькі пра свій акаўнт. Шмат хто з багатых гульцоў дапамагае пачаткоўцам. Я сам вельмі ўдзячны некаторым гульцам за дапамогу ў цяжкія і цёмныя часы. Калі вашыя прыбыткі зьменьшацца ў рэзультаце больш адкрытай і ростанакіраванай палітыкі еБеларусі і вы паспрабуеце вярнуцца да палітыкі пратэкцыянізму, то вы задушыце эканоміку нашай краіны і шмат у якім сэньсе будзеце падобныя на сучасны ўрад (А)РЛ Беларусі, які зацікаўлены ў тым каб народ жыў у галечы (бо кіраваць такім прасьцей). Дзяржава свае грошы будзе зарабляць праз ПДВ. Адкрытая лібэральная эканоміка вядзе да росту транзакцыяў і росту паступленьняў ад ПДВ.
На сёньняшні дзень еБеларусь мае незразумела высокія падаткі на:
Ежу – 50% Імпартнага мыта (ІМ)
Харчовую сыравіну – 99% (ІМ)
Зброю – 15% (ІМ)
Я заклікаю да паступовага зьніжэньня імпартных мытаў да ўзроўню, які дапаможа
а) гульцам расьці, набываючы танную зброю і ежу і
b) вытворцам, які дасі час перастроіцца і дапаможа стварыць моцную харчовую прамысловасьць і задавальняючую абаронную прамысловасьць (да таго часу як захопім багатыя прыроднымі рэсурсамі землі).
Спэцыфічна:
За паўгады трэба дайсьці да ўзроўню 3-4% на ежу, зброю і сыравіну.

Прапановы па зьмене імпартных мытаў

Цяпер: Студзень: Люты: Сакавік: Красавік: Травень: Чэрвень: Ліпень:
Ежа 50% 40% 30% 20% 15% 10% 7% 5%
Зброя 15% 12% 11% 10% 9% 7% 7% 7%
Ежа - сыравіна 99% 50% 40% 30% 20% 15% 10% 4%
Зброя - сыравіна 10% 9% 8% 7% 6% 5% 4% 4%

Заўважце: паступовая зьмяньшеньне мытаў дапаможа нам адэкватна маніторыць сытуацыю і апэратыўна гэагаваць на “нярынкавыя фактары” гульні, а таксама дасі час вытворцам перастроіцца на новы лад

Гэты артыкул пазычыў шэраг прынцыпаў і ідэяў адсюль.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
zhauranak