#4 | Мой дом - Якуб Колас

Day 4,640, 23:42 Published in Belarus Republic of Moldova by Dima361


Між ніў дарожкаю сьляпою
Іду я мернаю ступою
І разглядаюся кругом.
Пад ясна-сіняю страхою
Чыеюсь дбалаю рукою
Збудован мне прасторны дом.

Утульна ў ім, дабра ў ім поўна,
І ўсюды мудрасьці бязмоўнай
Відна спрадвечная пячаць.
На ветравеях, нібы воўна,
Плывуць хмурынкі так чароўна.
Чаго плывуць? Куды? – Маўчаць.

Унь там рачулка срэбрам літым
Бяжыць па жалобе размытым
І цэлы сьвет жыцьця нясе,
А луг зялёным аксамітам,
Вянкамі кветак апавіты,
Разьлёгся ў роскашы-красе.

Дубы, сябры мае самоты,
У высі неба мкнуць узьлёты,
Сукі раскінуўшы вакол.
А колькі згоды і пяшчоты
У тых пяскох, што пазалотай
Ускрай баркоў ляглі на дол!

Як многа волі і разгону!
Як многа песень, шуму, звону,
Дзе ні паслухай, ні зірні!
Свае тут звычаі, законы,
У кожнай песьні свае тоны
І свой адбітак глыбіні.

Іду я, дом свой аглядаю
Ды сам з сабою разважаю,
А на душы такі спакой!
І песьня нейкая жывая
У дружны тон адзін сьпявае
І з гэтым небам і зямлёй.

1939 | Якуб Колас