[Diariusz] Тым, што пайшлі паміраць...

Day 2,564, 02:38 Published in Belarus Lithuania by Schrodingers Nun


Дзень падыйшоў да сярэдзіны, але аніякіх артыкулаў у беларускай прэсе пра Слуцкі збройны чын я так і ня ўбачыў. Нас мала, але гэта ня повад апускаць рукі й скуголіць ціхенька ў куце пра няўдзячны лёс. Што ж, хай гэты тэкст будзе першым, але маю спадзеў, што не апошнім пра тых людзей, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.

Сёньняшняя гістарычная навука Беларусі падае падзеі пачатку мінулага стагодзьдзя занадта карыкатурна, каб разьлічваць на стоадсоткавае веданьне гісторыі беларускае дзяржавы ўсімі прысутнымі ў гэтай гульні людзьмі, пераважную бальшыню якіх складае моладзь. Мусіць ня будзе залішнім каротка патлумачыць што менавіта адбывалася 90 гадоў назад на Случчыне й чаму гэта варта пастаянных узгадваньняў.



27 лістапада 1920 г. пачаўся Слуцкі збройны чын - спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы аказвалі супраціў наступаўшым савецкім войскам.

14-15 лістапада 1920 г. адбыўся I беларускі з’езд прадстаўнікоў Слуцка і Случчыны ў складзе 107 асобаў. Найбольшы ўплыў на ім мелі беларускія эсэры. З’езд заслухаў дэлегацыю Станіслава Булак-Балаховіча, але адмовіўся прызнаць яго верхавенства. Дэлегаты прынялі рэзалюцыю, у якой прызналі ўладу БНР. З’езд абраў Беларускую раду Случчыны ў складзе 17 чалавек на чале з Уладзімірам Пракулевічам, якой перадаў уладу і даручыў фармаваньне войска. Набралося каля дзесяці тысячаў добраахвотнікаў. Гэта дазволіла стварыць Першую Слуцкую брыгаду стралкоў войска БНР, якая складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага.



Да паўстанцаў далучаліся дэзэрціры-чырвонаармейцы. Абаронцы Случчыны мелі свой марш "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", напісаны ўдзельнікам паўстаньня Макарам Касьцевічам. З Горадні даслалі сьцяг з Пагоняй і вышытымі на ім словамі "Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына". Нажаль, наступ саветаў прадухіліць не ўдалося. Ён пачаўся ў лістападзе 1920 году пасьля таго, як польскае войска выйшла са Слуцка. Армія паўстанцаў дасягнула 4 тысячаў чалавек і змагалася за незалежнасьць Случчыны і БНР на працягу месяца. У канцы снежня 1920 г. атрады паўстанцаў, якія ўжо не мелі боепрыпасаў, перайшлі на другі бок ракі Лань, дзе іх сустрэлі і інтэрнавалі польскія жаўнеры.



Барацьба тых мужных людзей павінна стаць прыкладам і для нас. Яшчэ ня час расьціраць смаркачы па твары. Любая вайна рана ці позна завяршаецца і мы мусім знайсьці свой выхад да волі. Гартуйце сілы, браткі.

Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!
Ўстань ты, наша старана!
Ўжо глядзіць к нам на палаткі
Жыцця новага вясна.

Ці ж мы, хлопцы, рук не маем?
Ці ж нам сілы бог не даў?
Ці ж над родным нашым краем
Промень волі не блішчаў?

Выйдзем разам да работы,
Дружна станем, як сцяна,
I прачнецца ад дрымоты
З намі наша старана!

Якуб Колас, 1906 год



А пакуль трымайце ад мяне і ад атраду лісоўчыкаў панцэрныя баявыя машыны найноўшага гатунку, таксама вядомыя як танкі q7, па 5 адзінак на асобу. Я ўжо даволі доўга сяджу ў гэтай гульні, таму не крыўдуйце, калі камусьці не палічу патрэбным іх выдаваць. Зрэшты, камусьці яны проста непатрэбныя. Убамчымся ў баі, браткі.