[Diariusz] Як я правёў гэтым летам.

Day 2,854, 04:02 Published in Belarus Lithuania by Schrodingers Nun


І снова здрасьціця, гаспада і паньства!

Ня надта хацелася апошнім часам нешта пачынаць пісаць увогуле, але мамка такі выгнала з вуліцы і прымусіла сесьці за парту. Пачуваўся я вольна на добрых румынскіх харчах і амаль да шчасьлівай усьмешкі блазна забываўся як выглядае жэстачайшэ чырвона-зялёны прапарчык на старонцы майго праваслаўнага профілю. Але ліхая судзьба-зладзейка падкінула на вечаровы стол прывіт з далёкай Радзімы, увасобіўшы яго ў залацістым драніку са сьмятанай. І вось, зьдзіўлена азіраючыся па баках ды спрабуючы ўцяміць празь якую фортку ўцягнула скразьняком гэты кулінарны прысмак, дрыготкай рукой я паднес яго да рота, прынюхаўся ці не нацерлі бульбяны блін прагорклым салам жыдабандэраўцы, адарваў уцалелымі пасьля ранейшых бойкаў зубамі кавалачак... і тут быццам цуд здарыўся нейкі! Нібы кароткім замыканьнем бліснулі перад вачыма падзабытыя краявіды бацькі-Нёмана, няўрымсьлівае Заходняе Дзьвіны, лагоднае Прыпяці, панесьліся праз пушчу статкі зуброў, задрыжэла шкло ў вокнах ад грукату магутных МАЗаўскіх рухавікоў, захадзіла хадуном зямля пад коламі кураняткава-жоўтых БелАЗаў і зьнянацку ногі мае разагнуліся ды шпарка пацягнулі яшчэ неачунялае цела ўбок васільковай краіны на поўнач ад Бухарэсту. Неяк так я і апынуўся ў мясьцінах, дзе яшчэ ўзгадваюць рознымі словамі Бутара, а Алесь Война дагэтуль не пакаяўся.


Варта мне толькі было пераступіць праз родны ганак, як у плечы сунулі камандзірства ў атрадзе "Лісоўчыкі", а да таго ж пасаду міністра замежных справаў ва ўрадзе. За апошняе, спадзяюся, хоць дадуць магчымасьць паўдзельнічаць у папілах скарбніцы і скуралупстве простых мужыкоў-беларусаў. Ну такі ўсё, як у найсаладзейшых мроях. Насамрэч, па нашых актыўных справах і наяўных магчымасьцях мала што зьмянілася цягам апошніх паўгады. Увесну я пужаў народанасельніцтва замежным МТО (захоп краіны праз усталяваньне дыктатуры замежнікаў), што падавалася мне даволі рэальнай пагрозай ў сьвятле падзеяў, што адбываліся на той час у гульні. Як выявілася, замежнікі хоць і цікавіліся Беларусяй, але неяк кволенька, зь лянотай, аддаючы перавагу альбо зусім дохлым краінам, альбо ўжо істотна мацнейшым, зь лепшымі шанцамі адбіць змарнаваныя на пераварот грошы. Верагодна, гэтаму паспрыяла нашая балотная мілітарная палітыка, то бок няўдзел у сусьветных закалотах з узаемнымі абвяшчэньнямі вайны, рэха срачоў ад якіх звыкла цягнецца яшчэ пару месяцаў. Але гэта ўжо пытаньне падыходу да гульні - можна фаламарфаваць у любы момант і за тыдзень нарвацца на буйныя непрыемнасьці, напрыклад, прапанаваўшы румынам забыцца на свае бонусы і здрыснуць з нашых рэгіёнаў (зараз яны вяртаюць нам цалкам нашыя падаткі і сплочваюць штомесячную арэнду). Будзе з гэтага фан? Так, будзе, але нядоўга і завершыцца астракізмам на доўгія месяцы.


Ну, ты зразумеў...

Апошняя ідэя, дарэчы, даволі сур'ёзна агучвалася адным таварышом (ці групай множных асобаў), які спрабаваў усталяваць нам сваю дыктатуру, нават не пасьпеўшы выправіць інфу ў сваім профілі "Against dictators all over the world". Забаўна было назіраць, хех. Карацей, для гэткай дробнай дзяржавы, якой зьяўляецца Беларусь, стратэгія выжываньня - гэта ўраўнаважаная зьнешняя палітыка і адэкватныя людзі ва ўрадзе, а не папулісты й гарлапаны, вольны час якіх займае гайданьне чоўна стабільнасьці. Таму да ўсіх пачаткоўцаў, а таксама туклікераў, вялікая просьба, праглядайце рэйтынгі краінаў па дамагу і колькасьць наяўных грошай у скарбніцы на вядзеньне вайны да таго, як пачынаеце задаваць пытаньні "А чаму Беларусь пад румынамі (латышамі, расейцамі, палякамі)?". Прэзыдэнту нескладана абвесьціць NE (натуральны вораг) каму заўгодна з суседзяў, але яму хапае аналітычных здольнасьцяў спрагназаваць далейшае, сумнае для нас, разьвіцьцё падзеяў. Аналягічная па сутнасьці просьба тычыцца і тых, хто піша абвінавачаньні ў бок ураду, розныя па ступені сваёй абсурднасьці. Хлопцы, на сёньняшні момант беларускі ўрад - гэта ці не апошнія дасьведчаныя гульцы, якія яшчэ не звалілі ў ганаровы туклік, які мала чым адрозьніваецца ад е-сьмерці. Давайце як мінімум паважаць іх за гэта, як вы паважаеце дзядоў, якія ваявале. К людзям нужна быць памягше, а ўзгляды імець пашырше. Дапамагайце адно адному, а ня плюйце ў агульны калодзеж.


На апошняе хачу сказаць, што я рады ізноў быць е-беларусам. Вандроўкі па розных краінах прадказальна вярнулі мяне да родных вытокаў і не магу адмаўляць, што не чакаў гэтага. Нашая краіна - для шчырых і сумленных людзей, дзе не павінна быць мейсца ліхадзеям і прайдзісьветам, што за мэдалькі гатовыя ўтварыць любое паскудзства. І, мусіць, гэта мая карма і маё шчасьце, быць часткай менавіта гэтай суполкі.