[Lisowczyki] Згода будуе. Вітаем бірсэркаў ды гусараў!

Day 2,361, 08:58 Published in Belarus Belarus by Michal Czorny


Stary Olsa - Litvin

Дабрыдзень, паспалітыя!

Сёньня камандзіры лісоўчыкаў, бірсэркаў ды гусараў супольна пагадзіліся злучыць нашую вайсковую моц у адным атрадзе. Лісоўчыкі гасьцінна запрасілі сваіх братоў па зброі ў вольныя харугвы і абралі камандзіраў бірсэркаў ды гусараў на пасады намесьнікаў камандзіра аб'яднанага атраду. Верым, што нашая згода прынясе большую карысьць для ваяроў ды плён для роднае Айчыны. Пакінутыя ж байцамі атрады трымацімуць адважныя туклікеры да лепшае сьветлае будучыні.

Цяпер мы распачынаем прымаць у нашыя шэрагі й тых, хто хоча далучыцца да бірсэркавай ці гусарскай харугвы. Вы вольныя насіць адметную форму: агульную аватарку ці рамку для яе. Каб трапіць у адну з асобных харугваў адпішыце прыватнае паведамленьне пану Anarkisto ці Pan Budzimir адпаведна.

З гэтае нагоды распавяду шчэ раз хто мы такія й чаго прагнем у гэтым е-жыцьці. Лісоўчыкі — гэта нерэгулярныя падразьдзяленьні лёгкае кавалерыі адной з найбунейшых эўрапейскіх дзяржавай свайго часу Рэчы Паспалітае, што былі створаныя таленавітым ваяром зь Віленшчыны Аляксандрам Язэпам Лісоўскім.



Лісоўчыкі мелі шырокую вядомасьць па ўсёй Эўропе, бо прымалі ўдзел у найвядомейшых вайсковых канфліктах: у вайне Рэчы Паспалітай з Масковіяй, Трыццацігадовай вайне, у бітвах супраць туркаў-асманаў. Тагачасныя гістарычныя крыніцы характарызуюць лісоўчыкаў надзвычай спрытнымі, ваяўнічымі і крыважэрнымі.

Рэмбрант «Лісоўчык»

Увесну 1610 году фармаваньні Лісоўскага і атрад казацкага атамана Андрэя Прусавецкага зьдзейсьнілі глыбокі рэйд у тыл маскоўскае дзяржавы, дзе здолелі захапіць Растоў, Калязін, Кашын, ачысьцілі Пскоў ад маскавітаў. Лісоўчыкі паказалі сябе незаменнымі ў абароне Смаленску ў 1612 годзе, калі большая частка рэгулярнага войска Рэчы Паспалітай узбунтавалася. Цягам трох наступных год лісоўчыкі адыгрывалі істотную ролю ў абароне межаў Рэчы Паспалітай ад маскоўскіх войскаў.



У 1615 годзе Лісоўскі са сваімі атрадамі ўварваўся ў Маскоўскую дзяржаву, аблажыў Бранск і разьбіў пад Карачавам атрады князя Юрыя Шахоўскага, якія прыйшлі на дапамогу абложаным. Увосень 1615 году Лісоўскі разьбіў авангард войска князя Дзьмітрыя Пажарскага пад Арловым гарадзішчам. Неўзабаве лісоўчыкі спалілі Бялёў і Ліхвін, захапілі Перамышль, затым, павярнуўшы на поўнач, разграмілі маскоўскае войска Шарамецева пад Ржэвам, пасьля рушылі да Карскага мора.

Юліюш Косак «Лісоўчыкі на Рэйне»

Захаваліся паўлегендарныя зьвесткі пра іхнія паходы далёка на поўнач, да берагоў Белага мора і нават да вусьця ракі Об у пошуках славутай Залатой бабы - паганскага стода, якому пакланяліся вугра-фінскія народы Поўначы.

У 1616 годзе лісоўчыкі захапілі Курск і разьбілі маскоўскія войскі пад Болхавам. У 1617 годзе яны засьцераглі Смаленск ад нападу маскавітаў: тыя адышлі ад Смаленску, як толькі даведаліся, што лісоўчыкі мешкаюць паблізу.



Нам абыякава зь якой ты краіны і які маеш узровень - калі Беларусь у тваім сэрцы, зброя ў руках ды сам ты можаш хоць неяк паразумецца з таварышамі, то выбірай адзін з варыянтаў нашае формы "Крылы Вольнасьці" і далучайся да лісоўчыкаў:



Мы не выкарыстоўваем рамкі, але прапануем ахвотнікам падкрэсьліць сваю індывідуальнасьць разьмесьціць асабісты элемэнт на атрадным тарку альбо самастойна прыдбаць сабе аватарку па пошукавым запыце "lisowczycy":


Па трапленьні ў атрад лісоўчык атрымае смачнае ежы й навюткіх танкаў. Рэгулярная падтрымка з боку гетмана гарантуецца, ірэгулярная падтрымка з боку таварышаў вітаецца. Ботаў і мультоў — на нажы!

Кожнаму чалавеку, а тым больш байцу вайсковага атраду, належна паводзіць сябе адпаведна пэўным нормам й імпэратывам, калі ён не зьбіраецца дэградаваць да стану насельніка жывёльнага сьвету. Лісоўчыкі - не выключэньне з гэтага правіла. Мы імкнемся стаць узорам ебеларускага ваяра й дзеля гэтага ў нашым асяродку быў распрацаваны Кодэкс лісоўчыка - збор правілаў й прынцыпаў сумленных паводзінаў нашых байцоў на полі бітвы ды ў паўсядзённым э-жыцьці.



Кодэкс лісоўчыка:

1. Беларусь перадусім. Усе нашыя намаганьні толькі дзеля Айчыны.

2. У любых умовах паводзіць сябе годна, размаўляць стрымана і ветліва.

3. Дапамагаць таварышам, калі яны гэтага просяць і самастойна прапаноўваць дапамогу.

4. Не ўступаць у спрэчку ня маючы асабістага абгрунтаванага меркаваньня.

5. Ані словам, ані дзеяньнем не абражаць як таварышаў, так і ворагаў. Не адказваць на чужыя абразы.

6. Не перабіваць без дамоўленасьці мэдаль Героя бітвы суайчыньніка, калі няма пагрозы страціць перавагу.

7. Падчас важных бітваў прапарцыйна разьмяркоўваць свае ўдары па раўндах, каб выйграць бітву цалкам, а ня толькі адзін раўнд.

8. Не марнаваць энэргію і зброю без патрэбы.

9. Вольныя грошы накіроўваць на апгрэйд трэніравальных пляцовак. Лісоўчыкі - ваяры, а не гандляры.

10. Па першай магчымасьці выконваць просьбы й асабістыя даручэньні гетмана ды камандзіраў.




Абірай свой шлях сам, браце!

Гетман лісоўчыкаў Чорны Война