Дзэн-бульбізм трывае ў нашых сэрцах

Day 2,346, 13:38 Published in Belarus Sweden by Anarkisto


Мазельтоў, е-браты! Сёння я прынясу ў вашыя е-хаты сьвет дзэн-бульбізму!
Артыкул гэты, на першы погляд не маючы дачынення да е-рэпаблік, на самой справе тычыцца самага галоўнага кампаненту гэтай гульні, то бок людзей. І людзей не абы якіх, а такіх, што па маіх назіраннях застаюцца незразумелымі для абсалютнай большасьці сваех суседзяў. Не тое каб я моцна жадаў нешта там вам тлумачыць, але ж памятайце маю дабрату...


Што ж такое гэты дзэн-бульбізм, што гэта за прыдумка, і чаму ён мае такую сьмешную назву? Ну, па-першае, гэта не прыдумка, а натуральная філасофія для насельніцтва 1/500 частцы сушы, а таксама ў пэўнай ступені іх рэлігія і сьветапогляд. Я не даследчык і не магу дакладна акрэсліць часовыя межы з'яўлення гэтай з'явы, але дакладна яна існавала за сотні год да таго, як я ўзяўся за клавіятуру і напісаў гэтае слова.

Чаму я прапаную менавіта такі тэрмін? А чаму не? Слова гэта толькі сэнс, які мы ў яго ўкладваем, а якімі гукамі перадаецца гэты сэнс не так ужо й істотна. Дастаткова таго, што запомніць такі тэрмін не будзе цяжка, бо складаецца ён з двух добра вядомых частак: дзэн - містычная тэхналогія сузірання, і бульбізм, што дае спасылку на натуральны беларускі татэм. З першым усё павінна быць больш-меньш зразумела. Гэта тое, што недасьведчаныя іншаземцы называюць "ваяўнічым пафігізмам", а недасьвадчаныя беларусы "млявасцю і абыякавасцю да жыцця" альбо "памяркоўнасцю". На самой справе гэта не зусім так (дакладней зусім не так), але бачныя праявы гэтай з'явы менавіта такія.

Што ж да другой часткі тэрміну дзэн-бульбізм? О, слова "бульбізм" мае сваім коранем слова "бульба", то бок расліна з якой часцяком асацыююць нашую Радзіму. І, паверце, я далёкі ад таго, каб навязваць тутака розныя журавінападобныя стэрыятыпы пра нашую краіну і абзываць сваех суграмадзян "бульбашамі". У дадзеным выпадку мае назіранні амаль ніяк не звязаны з тым гістарычным фактам, што бульба гэта найбольш натуральная расліна для беднай беларускай глебы і беднага беларускага мужыка. На самой справе, бульба - гэта перш за ўсё адзін з найбольш значных беларускіх татэмаў.
Жывёліна адзіночка. Ён таксама па шэрагу прыкмет з'яўляецца татэмам беларуса, і, што парадаксальна, амаль ня мае супадзенняў з характарам рускага чалавека

Але спачатку я патлумачу, што маю на ўвазе пад тэрмінам "татэм" і якая роля татэмізму ў дзэн-бульбізме. Татэм гэта не проста слуп у выглядзе той ці іншай жывёлы, у ўзножжа якога бьюць свае ілбы розныя дзікуны, і гэта зусім не міфічны продак таго ці іншага народа альбо чалавека. Татэм - гэта рэч, жывая істота альбо з'ява, якая па тых ці іншых сваех характарыстыках набліжаецца да адпаведнага чалавека ці групы людзей, татэмам якіх і з'яўляецца. Вядома ж гэта азначае, што ў чалавека можа (і нават павінен) быць не адзін татэм, а два, тры ці нават дзесяць. І няма нічога асабліва дзіўнага, калі першым татэмам з'яўляецца заяц, а другім, напрыклад, воўк. З гэтага ж мы бачым, што татэмам можа быць рэч альбо з'ява аб якой адпаведны чалавек ці группа людзей нават не ведаюць, што яна існуе. Вось нешта падобная і адбылося з беларусамі, якія стагоддзямі жылі на гэтай зямлі, не ведаючы аб тым, што паралельна з імі і за тысячы кіламетраў ад іх, дзесьці на Перуанскім узгор'і, расце іх натуральны татэм.

Вось ён - беларускі татэм:

Некаторым гарадскім жыхарам, магчыма, незвыкла бачыць бульбу ў такім выглядзе, але гэта яе самы натуральны выгляд... Хм, батва - вось самае дакладнае слова, якое амаль на сто адсоткаў апісвае тое, што бачыць чалавек, пазнаёміўшыся з сярэднестатыстычным беларусам.

Але бульба выглядае і так:

і гэта тое, што ня бачыць чалавек, пазнаёміўшыся з сярэднестатыстычным беларусам. Больш таго, хутчэй за ўсё вы не пабачыце гэтага й пражыўшы сто гадоў побач з асобна ўзятым экзэмплярам дзэн-бульбізму.

Я тутака не збіраюся казаць пра ўсялякую лухту, кшталту багатага ўнутранняга сьвету. Можа ў адных выпадках ён і багаты, а ў іншых - ня вельмі, дакладна толькі тое, што ён ня бачны і тру' дзэн-бульбіст звычайна ня мае ніякай патрэбы дзяліцца ім з вонкавым сьветам. Што гэта можа даць? Славу? Грошы? Прызнанне? Гэта ж сьмешна, прадаваць унутраннюю прастору за грошы ці славу - гэтыя каштоўнасьці беднага трохмернага сьвету. Колькасьць унутранніх вымярэнняў можа значна перавышаць колькасьць вымярэнняў знешніх. Таму бульбаша так лёгка падначаліць ды скарыць і так цяжка зрабіць рабом. Ён заўжды будзе захоўваць дулю ў кішэні для начальства і унутраную свабоду для самога сябе.

Узаемаадносіны дзэн-бульбіста з навакольным сьветам можна спрошчана апісаць на прыкладзе бульбянага поля.

Ня ведаю, ці патрэбны тут тлумачэнні?
Але на ўсялякі выпадак... Сфера блізкіх стасункаў - гэта купка блізкіх сяброў і родзічаў бульбаша, якім дазволена ведаць пра яго крыху больш, чым іншым. Гэта людзі, меркаванне, якіх суб'екту не абыякавае.
Сфера знешніх стасункаў - гэта выпадковыя знаёмыя і таварышы, дзелавыя і сацыяльна-пабытовыя кантакты, без якіх цяжка абыйсьціся ў грамадстве, але якія нічога асаблівага ня значаць, і пры неабходнасьці могуць быць разарваныя альбо замененыя на больш эфектыўныя. Меркаванне гэтых людзей тру' дзэн-бульбіста не павінна хваляваць ні ў якай меры.

І, нарэшце, унутраная сфера, сьвятая сьвятых, куды няма допуску ні для кога. Звычайна гэтая сфера па массе прыкметна пераўзыходзіць тое, што бачна неўзброеннаму вокы звычайнага чужаземца. Раз-пораз, у выпадку мянтальнай унутранняй перабудовы, дзэн-бульбіст можа дабраахвотна высунуць частку гэтай сферы на сьвет. Таксама заўжды існуе невялікая верагоднасьць, што ён прапануе асабіста вам пазнаёміцца са сваемі сьвятынямі. Да такіх прапаноў (канешне, калі вы сваечасова здолееце зразумець, што адбываецца) трэба ставіцца вельмі асьцярожна. Усё для вас можа скончыцца альбо вельмі добра, альбо вельмі дрэнна, альбо скончыцца ўвогуле. Калі ж вы ўжо ўліплі, то паводзьце сябе як вучыць дзэн-бульбізм: не спрачайцеся, у адказ на пытанні шматзначна хмыкайце і трымайце рукі ў кішэнях.



Навошта такія засьцярогі, магчыма, запытаеціся вы? Справа ў тым, што здабыць клубень татэму бульбаша вельмі лёгка. Бяры ў рукі рыдлёўку й капай сабе, потым вары, смаж ці нават тушы, колькі пажадаеш. З самім жа бульбашом усё нашмат складаней. Можна колькі заўгодна махаць касой вакол вонкавых сфер бульбаша і нават касіць яго таварышаў - ён і не паварушыцца, але вазьміце на ўзбраенне ментальную рыдлёўку і ўлезці ў сферы ўнутраннія і ваш арганізм пацерпіць пэўныя страты з вялікай ступеняй верагоднасьці. Справа ў тым, што ў душы (ужыву гэты тэрмін умоўна для ўнутраных клубнявых сфер) кожнага бульбаша існуе так званая "мяжа". Мяжа гэтая аддзяляе знешнія раздражняльнікі катэгорыя "непажаданыя кантакты" ад раздражняльнікаў катэгорыі "тыя, ад якіх неабходна пазбавіцца". Для некага гэта, магчыма, стане адкрыццём, але беларусы з'яўляюцца аднымі з лідэраў па колькасьці так званых пабытовых забойстваў. Да, усё гэта ўскладняецца алкаголем, аднак забойства на глебе дзэн-бульбізму (то бок з-за сьвядомай ці несьвядомай правакацыі клубнекапальніка) звычайна можна адрозніць па дзьвух асноўных прыкметах: яны не суправаджаюцца станам афекту і не вядуць да пакаяння суб'екту (гэта значыць ён не лічыць, што зрабіў памылку, і магчыма было абыйсьціся без таго, што ён зрабіў).

У асобных выпадках, беларус не можа сіметрычна адказаць на парушэнне ўнутранняй сферы, але ў такім выпадку ён можа вырасьць новую побач са старой і тым самым атрымае дадатковую магчымасьць перажыць свайго крыўдзіцеля.



Галоўнай праблемай ва ўсёй гэтай так званай "мяжы", з'яўляецца тое, што амаль немачыма вонкаваму назіральніку зразумець, дзе яна пралягае для асобна ўзятага бульбаша. Таму лепш не калупайцеся ў незнаёмых мейсцах, матэрыях ды вымярэннях. Як жа тады жыць у соцыюме, магчыма, запытаеціся вы? На гэты конт у мяне існуе гіпотэза, што дзэн-бульбізм, насамрэч, з'яўляецца ахоўнай рэакцыяй арганізму, якая бароніць ад падобных неспадзяванак. То бок кожны сьвядомы беларус на генэтычным узроўні ведае, што не трэба лезьці з рыдлёўкай у душу суседа і ты дакладна не атрымаеш гэтай рыдлёўкай па акарку. Гэта пралівае крыху сьвятла (хоць і не так шмат, каб пачаць лічыць сябе ўнікальнай расай, а ўсіх астатніх вартымі жалю недаразвітымі малпамі) на нашую гісторыю. Амаль нічым, акрамя рэальнага існавання прынцыпу дзэн-бульбізма ў мінулым, нельга патлумачыць існаванне такой дзяржавы як ВКЛ, якая была населеная прадстаўнікамі балцкіх, славянскіх ды фіна-вугорскіх плямёнаў, носьбітаў некалькіх рэлігій і добрага тузіна моў. Дзяржава, якая папярэднічала гэтай з'яве - Полацкае княства - адрознівалася не меньшай моўнай разнастайнасьцю.

Але ў дзэн-бульбізма ё і адваротны бок. Дзякуючы гэтаму прынцыпу, беларускай нацыянальнай самасьвядомасьцю і стварэннем неабходнай кожнай нацыі міфалогіі, займаюцца часцяком іншаземцы, якімі хрэн ведае, што кіруе. Магчыма, мы проста няшныя і нам прыемна дапамагаць (эндарфіны там розныя вырабляюцца...😁 Для тру' дзэн-бульбіста такія матэрыі, як веліч нацыі, вельмі рэдка могуць стаць асноўным прыарытэтам у жыцці. Яму дастаткова ведаць пра гэтую веліч і хаваць яе ў сабе, а нясьці яе ў вонкавы сьвет могуць і хітрым чынам завербаваныя варагі (рускія, палягі, габрэі, украінцы і г.д.).



Назіральны даследчык можа заўважыць, што часам існуе пэўны дэсананс паміж выхаваннем у беларускай культурнай традыцыі і наяўнасьцю ўмоўнага гену дзэн-бульбізму. Гора тым беларусам, якія, ментальна з'яўляючыся маскоўцамі, кастыльцамі, германцамі альбо прадстаўнікамі любой іншай экспансыўнай нацыі, нарадзіліся тым не меньш ў целе беларуса і сэрцам хварэюць за Беларусь, бо лёсам яны вырачаны на тое, каб паўсюль сустракаць непрабівальныя муры непаразумення і абыкавасці, як вырачаны пакутваць ад непаразумення тыя жанчыны, якім непашчасціла нарадзіцца ў целе мужчыны (вы, напэўна, чулі пра такія медыцынскія выпадкі). Гора і тым замежнікам, якія паспрабуюць змяніць гэты парадак рэчаў, бо можна выкапаць бульбу і пасадзіць яе каранямі наверх, але такая расліна хутка загіне і дакладна не дась ніякага плёну. Тым ымперцам, якія ўявіўшы гэтую карціну зараз усміхаюцца і паціраюць рукі ад жадання пазакапваць як мага болей беларусаў дагары нагамі ў глебу, нагадаю, што бульба не адзіны татэм беларуса, і калі беларуса моцна дапякці, то ён, у адрозеннні ад рускага, забівае спакойна, разважліва і без спачування, чаму шмат не самых прыемных прыкладаў у мянтоўскіх зводках. Таму сьцеражыцеся занадта нахабна лезьці сваёй рыдлёўкай у жыццё асобнага беларуса.

...І калі пайду я, і полем разараным,
Не ўбаюся прайсьці шляхам карнеплоду,
БО, МАБЫЦЬ, ТАК ЯНО Й ТРЭБА...