З Днём Нараджэньня!

Day 2,835, 11:28 Published in Belarus Sweden by Anarkisto


Вітаю вас, яснавяльможнае панства!

Ведаеце, сёньня незвычайны дзень, бо менавіта ў гэты дзень 24 гады таму нарадзілася адна асабліва дарагая маяму сэрцу асоба й менавіта сёньня я мушу прызнацца ў сваіх пачуццях да яе публічна, то бок праз старонкі гэтага выданьня: з Днём Нараджэньня мілая мая, дарагая, любая Беларусь! З Днём Незалежнасьці!

Да-да! Шмат хто пасьпеў забыцца на гэты дзень, шмат хто яго й за сьвята не лічыць (якая, маўляў, тамака незалежнасьць? Але ж якая не ё), але ці не зарана мы забываем такую зусім нядаўнюю гісторыю? Канешне, 3 ліпеня, напэўна, таксама цудоўнае сьвята і нашчадкі ўсіх пяці тысяч выжыўшых у вайну мінакоў, а таксама нашчадкі сотняў тысячаў панаехаўшых пазней, з поўным правам сьвяткуюць у гэты дзень Сьвята вызваленьня Менска ад нацысцкай навалы, але незалежнасьць тады, нават такой якая яна ё сёньня, нашая радзіма не атрымала. Другая справа 25 жніўня 1991 года, калі была прынятая дэкларацыя аб суверэнітэце (і ў наступным годзе, дарэчы, нашай абноўленай Радзіме спаўняецца чвэрць века й, спадзяюся, у нас будзе нагода ўспомніць яго больш масштабна).



Што пажадаць нашай імянінніцы? Перш за ўсё квітнець не зважаючы ні на што, бо прыгажуняй яна ўмее быць і без вялікіх грошай (не буду казаць праз што тых грошай няма, каб не псаваць сьвята), ніколі не губляць уласнай годнасьці, цярпеньня й моцы, каб перамагчы сваіх ворагаў хай не мячом (мы ж беларусы мірныя людзі), але прыкладам цывілізаваных паводзін (няхай мы не можам прагнаць усіх варвараў, якія бывала раней, а бывае й зараз топчуць тваё імя, але мы можам навучыць іх любіць цябе так, як любім самі), і, канешне, не забываць сваех папярэдніц - беларускія дзяржавы ад часоў Полацкага княства старога Рагвалода й да БНР, ад ВКЛ і Рэчы Паспалітай і да марыянетачнай БССРыны.

А ўсім скептыкам ды недабразычліўцам я пакіну тое, што лепш за мяне сказаў Вялікі паэт:

Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршку насення жменю там знайшлі.

Хоць зернейкі засохшымі былі,
Ўсё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясновай збожжа на раллі.

Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засьне,
А ўперад рынецца, маўляў, крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

Жыве Беларусь! Жыве вечна!



Пакідайце, калі ласка, свае крэатыўныя віншаваньні й пажаданьні імянінніцы ніжэй і будзіце ўзнагароджаны невялічкім каштоўным прызам (5ку7)

І напрыканцы няшка нумару