[Diariusz] Чытай мяне, пачатковец!

Day 2,871, 03:02 Published in Belarus Lithuania by Schrodingers Nun


Дабрыдзень, сяброве!

Гэты тэкст я пішу для тых, даказаць чыё існаваньне здолеюць хіба толькі спрактыкаваныя ufo-экспэрты на старонках газэты Вадзіма Дзяружынскага "Секретные исследования". Для тых, хто кудлатай чупакабрай спрытна праціскаецца паміж сьлізкага гальля бурштынавых хваінаў у запаветных беларускіх пушчах. Для тых, хто адважна ўзіраецца ў стомленыя вочы добрых гульцоў, намагючыся ўцяміць ці скарыў ужо тых старэчы маразм. Так, гэты артыкул для вас, пачаткоўцы. Падобных артыкулаў публікавалася шмат, напрыклад, такі альбо вось такі, ды насамрэч процьма іх, нават гайды пісаныя, было б жаданьне скарыстацца гуглам. Аднак мой артыкул адметны, бо пісаць я буду не пра кнопкі, а пра вас.


Пачну, мусіць, з вашага стаўленьня да гульні і да людзей, якія ў яе гуляюць, якіх вы часта ўспрымаеце як "дзяржаву" або як "урад". Па сутнасьці "ўрад" - гэта проста найбольш актыўныя зь беларускіх гульцоў, якіх ня так шмат агулам. Мяне моцна дзівіць, калі не сказаць крыху болей нелітаратурна, вашае стаўленьне да нас, да нацыянальнай беларускай суполкі. Ня ведаю задкуль, але шмат хто з пачаткоўцаў прымае за аксыёму, што сталыя гульцы абавязаныя нешта тлумачыць, дапамагаць і хіба азадак не падціраць камусьці толькі за сам факт рэгістрацыі ў гульні. Магчыма ў іншых гульнявых суполках нешта падобнае і практыкуецца, але цяпер у еБеларусі няма гэткай колькасьці добраахвотнікаў накручваць на палец чужыя смаркачы ў свой вольны час. Мы стараемся дапамагаць найбольш актыўным і камунікабельным, для рэшты існуе рэгулярная раздача ў прэсе і сьценкі для размоваў у партыі і атрадзе. Хочаце актыўнасьці - выказвайце сваё меркаваньне, грукайцеся ў прыват і вас рана ці позна заўважаць. Калі вашае меркаваньне пераважна складаюць абразы і дэманстрацыя ўласнае тупасьці, то не крыўдуйце на адпаведныя захады ў адказ.

Хлопцы, гэта інтэрнэт, тут ніхто нікому нічога за проста так не павінен. Безумоўна, мне зразумелая хада думак разбэшчаных фондамі сацыяльнай абароны насельніцтва, рэгулярнымі дажынкамі, ільготнымі кватэрамі ў Камгорцы і заробкамі папіццот простых беларусаў. То бок для кагосьці ўтрымальніцтва становіцца нормай жыцьця, у якім на нешта каштоўнае немагчыма зарабіць - яго можна толькі атрымаць ад дзяржавы альбо выйграць у "Супэрлато". Але гэтая лёгіка няздольная забясьпечыць свайму носьбіту камфортнае існаваньне ў рэальна канкурэнтных умовах, правобраз якіх можна ўбачыць у гульні. Нават малпа напружваецца, калі хоча зьняць банан з дрэва, а не чакае пакуль фрукты падацімуць ёй у рот. Будзьце карыснымі для еБеларусі і ў адказ атрымаеце нашмат болей.


Дасьціпнае агучваньне сваіх патрабаваньняў.

Гэтаксама хацеў бы зачапіць тэму закрытасьці беларускай суполкі. Нехта ўжо мог сутыкнуцца з тым, што многіх пачаткоўцаў успрымаюць як мультыакаўнты іншага гульца. Усьведамляю, што гэткія абвінавачваньні могуць быць вам непрыемнымі і верагодна стануць адной з прычынаў сыходу з гульні, але любыя падозраньні не зьяўляюцца з пустога мейсца. У нашай краіне з рознай частасьцю то ўспыхвае, то ізноў заціхае імпэт разнастайных ТОшнікаў, то бок замежных, а часам і беларускіх гульцоў, якія праз усемагчымыя чыньнікі няздольныя гуляць сумленна, таму для задавальненьня асабістых амбіцыяў ствараюць шмат новых акаўнтаў, каб ужываць іх на выбарах для атрыманьня пэўных перавагаў для канчатковага захопу ўлады ў краіне. Часам дзеля забавы гэтыя ж ТОшнікі праз новаствораныя акаўнты ўдаюць зь сябе пачаткоўцаў, каб пакпіць са сталых гульцоў і выцягнуць зь іх нейкія рэсурсы. Рана ці позна цярпеньне лопаецца нават у памяркоўнага беларуса, таму сталым гульцам прасьцей паверыць у тое, што яны маюць справу з мультом, чым з сапраўдным чалавекам. Да таго ж гэткі падыход банальна эканоміць час.

Акрамя таго для тых, хто гуляе некалькі гадоў запар, зручней камунікаваць з даўна сфармаваным колам сяброў, таму любы "чужы" ўзрушвае здаровыя прыступы ксэнафобіі. Гэта чалавечая натура і пераадолець яе бывае праблематычна. Як мінімум пастарайцеся не ўчыняць кавалерысцкіх наскокаў з гучнымі абвінавачваньнямі на публіку - сталыя гульцы пасьля гэтага ня выпарацца як вада на Марсе, а вось вам, хутчэй за ўсё, давядзецца ствараць новы акаўнт альбо пачынаць гульню ўжо ў іншай е-краіне. Гэтаксама як і вам, нам таксама баліць за Беларусь, непрыемна бачыць яе пад любой акупацыяй, але гэта сьвет дарвінаўскае лёгікі - альбо ты, альбо цябе. Калі вы здольныя прывесьці сюды сотню новых гульцоў, то калі ласка, мы будзем радыя і змагарам, і ватнікам, і каму заўгодна яшчэ, галоўнае, каб у Беларусі панавалі самі беларусы.


Разьвіцьцё суполкі - гэта, перш за ўсё, рух насустрач. Шмат якія крыўды надуманыя і сваім упартым нежаданьнем забыцца на ніх мы тармозім разьвіцьцё нашае дзяржавы і псуем гульню адно адному. Тым ня менш, пэўныя моманты асабіста я ня ў стане прабачыць, бо заўжды існуе кропка невяртаньня, за якой выбачэньне ўжо немагчымае. Якім шляхам мы будзем разьвіваць нацыянальную суполку - адкрытае пытаньне да ўсіх вас.