[Diariusz] Што адбылося і чаму

Day 2,668, 00:42 Published in Belarus Lithuania by Schrodingers Nun


Вітанкі ўсім добрым людзям!

Думаю, што тых з вас, хто яшчэ захоўвае ўмоўныя рэфлексы ў адказ на тыцканьне палачкай у плячо, не абыйшлі бокам апошнія падзеі ў нашай сінявокай краіне. Перш за ўсё, размова пра ўсталяваньне так званай дыктатуры. Чаму так званай? Таму што цяжка назваць клясычнай дыктатурай выкарыстаньне абраным прэзыдэнтам зьмененай мэханікі гульні для абароны Беларусі ад замежнага PTO (political takeover - захоп улады) з шырока агучанай гарантыяй передачы ўлады наступнаму абранаму прэзыдэнту і захаваньнем заканадаўчай ролі кангрэсу. Я ўсьведамляю, што шмат у каго з вас маюцца нэгатыўныя карэляцыі з рэальным жыцьцём, але сублімаваць сваё змаганьне з вусатым палітыкам у гульні, мякка кажучы, дзіўнавата.


Перадумовы існай сытуацыі дужа банальныя: стваральнікі гульні паклалі нешта цыліндрычнае на ўсіх добрых гульцоў з малых краінаў (па мерках eRepublik гэта дзяржавы з насельніцтвам меншым за 1,000 чалавек) і ўвялі на сталай аснове модуль дыктатуры, які дазваляе праз выкарыстаньне атраду ў дзяржаве-ахвяры запусьціць "грамадзянскую" вайну і атрымаць бескантрольную ўладу над краінай. Нам было б усё гэта глыбока абыякава ў нашай хаце з краю, калі б адміны ня вырашылі даць магчымасьць удзельнічаць у такіх войнах і станавіцца дыктатарамі замежным грамадзянам. То бок мы маем справу з банальным жаданьнем замяніць неактыўнае насельніцтва дробных краінаў на актыўнае, але няздольнае самарэалізавацца ва ўласнай Бацькаўшчыне.

Зразумела, што рандомнаму паляку, вугорцу ці румыну ня будзе аніякай цікавасьці да праблемаў у жыцьці тубыльцаў. Ягоная мэта простая - як мага хутчэй адбіць змарнаваныя на пераварот 200,000 адзінак нацыянальнай валюты, а таксама кампэнсаваць усе іншыя выдаткі за наш, безумоўна, кошт. Каб ацаніць маштаб зьменаў - проста зірніце на сьпіс краінаў е-сьвету і заўважце колькі зь іх стала дыктатурамі. Здаровы клёк падказвае, што гэткія грунтоўныя зьмены адбыліся ня проста так. Нехта з вас скардзіцца на высокі падатак у ажно 5% на працу, але столя гэтага падатку складае 25%. Рабіце высновы, паньства, каго вы хочаце карміць: сваю дзяржаву альбо выпадковага шукальніка прыгодаў.


Нашая моц - у адзінстве

Час пакажа ці было рашэньне адмінаў слушным у пляне далейшага разьвіцьця eRepublik, але пакуль модуль дыктатуры не скасаваны, а беларусы не пачалі масава захапляцца гэтай гульнёй, то і варыянтаў для ратаваньня маем мы ня так шмат. Найбольш лягічны быў прыведзены ў дзеяньне пасьля тыдня напружанага чаканьня латышскага PTO, цікавых завіханьняў з румынамі аднаго добрага беларускага гульца, а таксама валу пераваротаў у е-сьвеце.

Так, Швэйцарыя страціла 500,000 нац.валюты пасьля ўдалага румынскага PTO і, па сутнасьці, зьнікла як нацыянальная суполка назаўжды. Нарвэгія выдаткавала шалёныя грошы на абарону ад зладжанага палякамі перавароту і, урэшце рэшт, зьдзейсьніла абарончы пераварот сама. Аналягічным шляхам рушыла й сяброўская Чэхія, захапіць якую спрабавалі гульцы нібыта хаўруснай ім Вугоршчыны. Гэты шал у пошуках фана рана ці позна захапіў бы і нашую краіну.


Чаму не было праведзенае шырокае абмеркаваньне? Так, гэта несправядліва. Але ў Беларусі грошай заўжды было мала і канкрэтна гэтым разам мы мелі іх альбо на адну пасьпяховую абарону ад спробы PTO, альбо на адну спробу ўсталяваньня абарончай дыктатуры. Урад ня меў права на памылку і ня мог дапусьціць зьліву інфармацыі, які гарантавана зруйнаваў бы наш плян захаваньня краіны. Беларускую прэсу па-ранейшаму чытаюць таварышы шпіёны, здольныя трапляць ня толькі ў беларускі кангрэс (чаго, нажаль, ня ў стане зрабіць многія шчырыя беларусы).

Акрамя таго, хапае і айчынных олдфагаў, якія лічылі і працягваюць лічыць свае кандыдатуры найлепшымі для пасады дыктатара Беларусі. Хлопцы, ідзіце на выбары і абірайцеся прэзыдэнтамі, а я выканаю прынятыя на сябе абавязкі. Мне сумленьня хопіць, каб ня ладзіць цырк на дроце зь перадачай улады, а вось ці хопіць адказнасьці вам?


Гэтаксама было забаўна чытаць абвінавачаньні ў "элітарнасьці" ад тых, хто прыйшоў у гульню ці не раней за мяне. Задам простае пытаньне: ці заўважалі вы, што ў гульні існуць яшчэ й іншыя кнопкі, акрамя кнопак "Fight" і "Eat food"? У чым асабіста мая віна ў тым, што сьвет яшчэ не ацаніў вашыя, безумоўна, звышгеніяльныя здольнасьці? Як і казаў раней, дыктатура не дае 100%-вай гарантыі абароны ад замежнага РТО.

Упэўнены, што зь цягам часу будуць уведзеныя некаторыя зьмены, якія палепшаць магчымасьці для дэмакратычных рэвалюцыяў. Але на дадзены момант выдаткі для замежных ТОшнікаў на захоп Беларусі вырасьлі ўдвая. Адпаведна, двойчы яны і будуць думаць, перад тым, як зрабіць спробу зруйнаваць нашую маленькую Айчыну.


Па іншых нашых справах усё больш-менш прыстойна. Румыны штотыдзень вяртаюць падаткі з арандаваных рэгіёнаў (каля 10,000 за тыдзень), а мы працягваем сваё бясьпечнае існаваньне пад іхняй аховай. Канешне, усе мы хацелі бы бачыць Беларусь на мапе ў складзе ўсіх шасьці рэгіёнаў, аднак сілаў нам ледзь хапае і на абарону аднаго. Мы не гатовыя да доўгіх войнаў і слова "доўгія" у нашым выпадку значыць даўжэйшых за адзін тыдзень.

Думаю, існуе істотная розьніца паміж магчымасьцю заставацца на мапе, трымаючы рынак адкрытым для гандлю і назапашваючы грошы на дзяржаўныя патрэбы, і адсутнасьцю краіны на мапе, калі беларускія падаткі пасьпяхова спансуюць нашых жа акупантаў. Аніякі альянс ня стане ратаваць нас ад нашых хранічных хваробаў. Ратаваць мы мусім самі сябе, прымаючы адказнасьць за сёньняшні й заўтрашні дзень Беларусі.