[Beerserkers] Набор ваяроў адкрыты

Day 2,262, 04:05 Published in Belarus Belarus by Pan KevinLaland



Казачка для добрых хлопчыкаў ды дзяўчынак ад пана Anarkisto (на правах прадмовы неабавязковай для чытання)

Ішоў дзьве тысячы ...наццаты дзень Новага свету. Ліпень хіліўся да свайго захаду і там-сям ужо распачалі сваё е-жніво беларускія е-сяляне. Тым часам у сонечнай Белаалбаніі поўным ходам ішлі бітвы за ўраджай. Падчас невялічкага перапынку паміж бітвай за трэцякалі ды бітвай за ячмень, у жывапісным месцы, дзе з аднаго боку было відаць лазуровую паску Міжземнага мора, а з іншага - сівыя гмахі Балканскіх гораў, прыпынілася на прывал непераможная беларуская еГвардыя.

Шырокім вольным табарам раскінуўся лагер гвардзейцаў: нехта есць, нехта пье, нехта жартуе альбо разважае ўслых, нехта прыснуў, а нехта, здаецца, увогуле памёр і ўжо каторы тыдзень не падае жыццёвых прыкметаў, не падымаючыся нават дзеля таго, каб патрэніравацца ці выканаць ДО.

На асобнай утульнай палянцы размясціўся полк з выявай вожыка з кухлем на харугве. Большасць сяброў палка шчыльна абселі вакол вялізную дзежку поўную пеннага напою, з якой чэрпалі наўпрост драўлянымі кухлямі, не перапыняючы сваю няспешную грунтоўную гутарку.

- Ну, і які там зараз загад? - запытаўся цяжка ўзброены ваяр з нашыўкай у выглядзе ўжо знаёмага нам вожыка і зрабіў прыкметны глыток са сваяго кухля.
- Ізноў дапамагаем украм паліці Маскву, - адказаў харунжы, малады яшчэ хлопец у рагатым шаломе з пластыкавым забралам і клюшкай наперавес.
- Нудата, - прабурчэў магутны шыракаплечы дзяцюк з вялікай сякерай ды ў архаічным аздабленні часоў, напэўна, старога Рагвалода, ці нават Крыва-Крывейтэ. - Што там дапамагаць, калі й так палае, а сценка за 65% пераваліла?
- А я даўно кажу, што кідаць нам гэта трэба і падацца ў лясы. Самі сабе гаспадарамі будзем, - заўважыў харунжы.
- Так-та яно так, але ж дзе будзем патроны браць ды фураж? - уступіў у гаворку ліхога выгляду шляхціч з гербам "Абданк" на шчыце. Ён, як і яшчэ адзін чалавек на палянцы, меў нашыўкі "Гусарыі" і да "еГвардыі" дачынення не меў, а проста заглянуў на піва да старых прыяцеляў.
- Хех, ужо ежу-та мы сабе як-небудзь здабудзем, - прабурчэў лысы барадач, які, акрамя ўдзелу ў размове і ўжывання піва, быў заняты тым, што смажыў на вогнішчы цэлага барана, насаджанага на ражон.
- Свой атрад са шлёндрамі ды блэк-джэкам - гэта было б цікава, - задуменна прагаварыў хударлявы няпэўнага ўзроста чалавек, які ляжаў крыху ўзбоч пад бярозай і, здавалася, цалкам быў заняты тым, што назіраў за бегам сівых аблакоў у блакіце албанскіх нябёсаў, аднак насамрэч уважліва прыслухоўваўся да агульнай гутаркі. - Я, асабіста, "за". Не люблю вялікіх сукупнасцяў людзей, а тут такі шанец змяніць абстановачку на больш камерную.
У нас свой МЮ з блэк-джэкам ды шлёндрамі!

- Але ж для свайго атраду нам патрабуецца канцылярыя, скарбніца ды й каперскае пасведчанне, а гэта ўляціць у капеечку, - заўважыў усё той жа гусар з гербам "Абданк". - І яшчэ нам спатрэбіцца свая форма, свой сцяг і назва ў рэшце рэшт...
- Форму здымем з забітага фрыца, - не адрываючыся ад свайго барана, зазначыў лысы барадач, - А штандар... Ды што штандар? Любую анучу бяры ды на дзіду чапляй - дзялоў куча...
- А мо возьмем дзе гатовенькі атрад, у якім і людзей-та ўсяго на адну канцылярыю? - запытаў дзяцюк з сякерай, зачэрпваючы з дзежкі яшчэ адзін кухаль. - Такіх зараз шмат валэндаецца па гэтых лясах.
- Добрая ідэя! Я якраз ведаю, што ў суседнім гаёчку стаіць такі... - уступіў у гаворкі зусім малады ваяр, які меў у атрадзе неадназначную рэпутацыю з-за сваяго рэгулярнага свавольства. То ён палезе ў панскі сад па слівы, то верхі патопча людзям збажыну, палюючы зайца па палях, а то пачне ТОшыць суседнюю партыю...
- Гэх! - узмахнуў шабляй над галавой другі крылаты гусар, шматвопытны воін з гербам "Пагоня" на шчыце. - Відаць для мяне праца знайшлася! Зараз на каня й пакоцяцца галовы!
- Чакай! Гэта ж не нашыя метады, - прыпыніў яго харунжы. - Мо як старгуемся? За разумную плату?
- Можам і старгавацца, - зазначыў малады. - Я іх камандора крыху ведаю.
...Кухаль шкрабнуў па драўлянаму донцу дзежкі...
- Давайце толькі хутчэй нешта вырашаць, а то зараз піва скончыцца, а я без піва шалею, - зазначыў барадач з баранам, - Пайду тады ды спалю... ну... не ведаю... Ленінград, напрыклад.
- Навошта табе Ленінград, - са смехам зазначыў той, што ляжаў пад бярозай, - Там жа кажуць й піва нармальнага няма - адна сцаніна.
- Вось таму й спалю. Не шкада будзе, што згарыць... А потым праз Іркуцк, Лас-Анджэлес ды Парыж дабяруся да знаёмай крамы ў Чэхіі ды набуду там бочачку нармальнага піва.
- Хех, сапраўдны берсерк, - усміхаючыся ў вусы зазначыў першы гусар.
- Не берсерк, а бірсерк... - парыраваў барадач. - А вось вам і назва, дарэчы...
- Ну, дык што? Па конях? - запытаў, падымаючыся з зямлі харунжы. - Гэй, хлопцы! Гайда ў лес рабаваць карованы ды албанскіх зазовак псаваць! - грымнуў ён так, каб яго пачула ўся паляна.
Сёй-той сапраўды падняўся з зямлі ды ўзяўся за зброю, аднак шмат хто нават і не паварушыўся.
- А яшчэ ў нас піва скончылася, а ў гарах, кажуць, захраснуў маскоўскі абоз, што йшоў на дапамогу свайму братняму албанскаму народу, - у паўголасу дадаў барадаты, здымаючы з ражна ды хаваючы за пазуху ўжо засмажанага барана.
Вось тут-та не падхапіўся хіба толькі мёртвы...

Гісторыя.

Пасля працяглай акупацыі еБелаНарвегіі кроў у жылах сяброў I Незалежнага Піўнога Інтэрнацыянала закіпала ад несправядлівасці і абурэння. Напружанасць нарастала і ў той дзень, калі Зямля прыпыніла свой бясконцы бег, а зоркі моўчкі пазіралі з халоднага і бязлітаснага неба, Піўны Бог даў лідэрам Партыі аматараў піва знак. Так, у час калі ліпень сустракаецца са жніўнем, было створана баявое падраздзяленне Beerserkers і дапамагай ім Піўны Бог!
Мэтай заснавання атраду было стварэнне новай мабільная баявой адзінкі, якая зможа наносіць кропкавыя апераджальныя ўдары, вызваленне беларускай Скандынавіі, дапамога краінам, атрадам ды партыям I Незалежнага Піўнога Інтэрнацыянала (Ірляндыя, Бельгія, Нямеччына, Чэхія, Славаччына, Польшча й Беларусь).



Забеспячэнне.

Гарантавана поўная падтрымка зброяй і ежай усім прапіўшымся ўшчэнт сябрам. Кожны бірсерк атрымлівае 5 q7 танкаў у зубы штодня.

Набор.

Набіраем у атрад усіх байцоў без падзелаў паводле расавых прыкметаў альбо клясавага паходжання. У атрадзе ўсе роўныя незалежна ад таго ці любіш ты, як сапраўдны бірсерк, цёмнае піва альбо аддаеш перавагу бабскаму пойлу з лімонным густам і пазнакай "лайт" на этыкетцы🙂
Бірсеркі могуць насіць як уласнае адзенне, так і атрадную форму для большага застрашэння ворага:

Пасля паспяховых набегаў форма бірсерка будзе ўпрыгожвацца здабытымі трафеямі.




Адметныя асаблівасці.

Высокая баявая згуртаванасць, натуральная сяброўская абстаноўка (як у ірландскім пабе падчас матчу Ірландыя-Англія), поўная адсутнасць якога б ні было дыктату альбо аўтарытарызму. Мы прыслухоўваемся і паважаем меркаванне кожнага з нас. Мы гатовыя да супрацоўніцтва з іншымі атрадамі для арганізаванага ўліву дамагу. МЮ знаходзіцца пад патранажам ПАП, але прымае ў свае шэрагі байцоў любой палітычнай арыентацыі.