[vadzimir] Справай, а не словам. Перадвыбарка.

Day 2,268, 01:20 Published in Belarus Belarus by vadzimir


Дарагія беларусы!

Я быў бы рады звярнуцца да вас з гэтым артыкулам у іншы гістарычны момант, але лёс распарадзіўся так, што я пішу гэты артыкул менавіта сёння.

Вы ўсё цудоўна ведаеце, што зараз увесь есвет перажывае складаны перыяд. Перыяд, калі разбураюцца старыя саюзы і ствараюцца новыя, калі тыя, хто ўчора былі братамі, сёння сустракаюцца на полі бою па розныя бакі фронту, а тыя, хто ўчора ненавідзеў адзін аднаго, робяць выгляд, што сталі лепшымі сябрамі.

На гэтым свяце жыцця мусіць знайсціся месца і для нашай з вамі краіны. Аднак, для таго, каб гэта ажыццявіць, неабходна, каб у руля краіны апынуліся сумленныя, дасведчаныя, адказныя і дзейныя гульцы.

Сёння я прапаную вашай увазе сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта еБеларусі ў наступным месяцы.


Кандыдат

Я вылучаюся на выбары ад партыі Правы Альянс, дзе ў дадзены момант займаю пасаду намесніка старшыні. Акрамя таго, мне аказалі гонар Beer Lovers Party і Agrarian Party, якія падтрымалі маю кандыдатуру. Я ведаю, што і іншыя партыі былі гатовыя падтрымаць мяне, але не здолелі гэтага зрабіць па аб'ектыўных прычынах.

Найбольшы гульнявы досьвед я здабыў, працуючы на карысць краіны ў МЗС, неаднойчы займаў пасаду Міністра замежных спраў. Таксама я паспеў пабываць прэм'ер -міністрам еБеларусі.

Акрамя таго, у гэтым месяцы я быў у чарговы раз быў абраны ў кангрэс.

Застаецца дадаць, што шмат хто, напэўна, памятае мяне у якасці старшыні партыі «Белы легіён», якая ўпарта змагалася з варожым ТО, гераічна загінула ў гэтай бітве і ў выніку перарадзілася ў маю цяперашнюю партыю.

Такім чынам , коратка аб маёй камандзе:



Каманда

Прэмьер-міністар - Chorny Wojna
Міністэрства інфармацыі - Mitreiko
Міністэрства фінансаў - zMensk II
Міністэрства адукацыі - Doctor Antirus
Міністэрства абароны - Alies Bu
Міністэрства замежных спраў - Danatelus

Мая каманда сфарміравана з дасведчаных людзей, прафесіяналаў у сваіх галінах. Многія з іх, як вы можаце заўважыць, паспелі здабыць гульнявы досьвед на пасадзе прэзідэнта нашай краіны і / або раней ужо займалі адпаведныя пасады ў міністэрствах. Кожны з іх даказаў адданасць краіне сваімі справамі.

Акрамя таго, да працы будуць прыцягнутыя іншыя не меней дасведчаныя гульцы, а таксама таленавітыя пачаткоўцы, якія жадаюць прайсці стажыроўку ў міністэрствах.

Наша праца будзе грунтавацца на наступных прынцыпах:

1. Беларусь перадусім.




На першым месцы стаяць інтарэсы краіны і яе грамадзян. Гэта датычыцца ўсіх бакоў жыцця дзяржавы, пачынаючы ад эканомікі да пытанняў знешняй палітыкі.

Наша галоўная задача - захаваць усё лепшае, што было створана да нас, і ўзмацніць Беларусь настолькі, наколькі гэта магчыма за адзін месяц.

Мы будзем змагацца з замежнымі агентамі ўплыву, а таксама імкнуцца мінімізаваць рызыку прычынення шкоды дзяржаўным інтарэсам гульцамі, якія ставяць свае асабістыя мэты вышэй за дабрабыт нашай еБеларусі.

2 . Не народ для ўрада, а ўрад для народа.

Сіла нашай краіны – ў яе грамадзянах. Голас народа - кангрэс.

Я цвёрда перакананы, што кангрэс - гэта не толькі абмеркаванне раздач, ветлівыя дыскусіі ў чатах і рэгулярны націск кнопак. Кангрэс - гэта эліта грамадства, якая мусіць прымаць актыўны ўдзел у кіраванні дзяржавай.

Мы будзем імнуцца максімальна ўлічваць грамадскую думку пры вызначэнні пазіцыі Беларусі адносна ўсіх напрамкаў яе развіцця ў максімальна цесным супрацоўніцтве з заканадаўчай уладай.

Безумоўна, я і сябры маёй каманды маем свае погляды і перавагі, але кожны з нас таксама ўсведамляе тое, што пасля абрання прэзідэнта і яго кабінета, для іх на першым месцы мусяць стаяць інтарэсы народа.

3. Галоснасць.



Праца ўрада мусіць быць максімальна празрыстай. Дасведчаны грамадзянін здольны прынесці сваей краіне больш карысці.

Мы будзем рэгулярна інфармаваць насельніцтва аб працы ўрада, трымаць грамадзян у курсе геапалітычнай сітуацыі ў есвеце.

4. Адкрытасць.




Кожны грамадзянін - каштоўнасць для сваёй краіны. Уменні і навыкі асобных беларусаў, аб'яднаныя, паслужаць росквіту дзяржавы.

Мы гатовыя прапанаваць кожнаму працу ва ўрадзе ў адпаведнасці з яго (яе) інтарэсамі і здольнасцямі.


Напрыканцы коратка выкажу асноўныя напрамкі працы і тыя задачы, якія мы плануем вырашыць пасля перамогі на выбарах:

1. Знешняя палітыка


Мабыць, галоўная задача ў наступным месяцы – прыняць рашэнне аб месцы еБеларусі на мапе свету.

Будуць прыняты ўсе захады дзеля таго, каб прынятае рашэнне было максімальна карысным для краіны, ўлічвала інтарэсы большасці грамадзян і давала магчымасць для правядзення далейшай самастойнай знешняй палітыкі. Мы мусім быць гатовымі да таго, што некаторыя з нашых старых саюзнікаў стануць нашымі ворагамі.

Я не буду адназначна абяцаць вам мноства ваенных кампаній або хуткі АS. Баюся, што ў войнах недахопу ў нас не будзе, а АS будзе арганізаваны толькі ў тым выпадку, калі будуць створаны прыдатныя для гэтага ўмовы.

Яшчэ раз - я бачу галоўнай задачай наступнага месяца захаванне Беларусі на мапе свету, ўсталяванне добрых стасункаў з новымі саюзнікамі і бязбольнае растанне з тымі былымі сябрамі, якія, нажаль, зробяцца нашымі ворагамі.

Наша галоўная зброя - дыпламатыя. Увогуле, наступны месяц будзе месяцам знешняй палітыкі.

2. Унутраная палітыка.



Мы з вамі цудоўна ведаем прычыны, па якіх еБеларусь сёння не можа многае, чаго нам усім так хацелася б.

Не буду арыгінальным і скажу, што наша каманда плануе арганізаваць прыцягненне новых ебеларусаў у гульню. Добры ББ патрабуе ўкладання сродкаў (нажаль, не голда), што мы, уласна кажучы, і плануем зрабіць.

Акрамя гэтага, будзе распачатая праца па аўтаматызацыі працэсу «вылоўлівання» пачаткоўцаў для палягчэння максімальна эфектыўнай працы з імі.

Пры магчымасці, будзе працаваць крэдытная праграма і іншыя, якія даказалі сваю эфектыўнасць, метады працы з насельніцтвам.

Я буду падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на ўнутраную бяспеку дзяржавы, барацьбу супраць спробаў ТО і незаконнай выдачай пашпартоў.

3. Эканоміка.


Не буду казаць шмат аб падатках. Пра гэта будзе размовы весці кангрэс.

Наша галоўная задача ў наступным месяцы - напоўніць скарбніцу. Гэтым мы і будзем займацца без гучных словаў, але з вынікам.

Скажу таксама, што мы звядзём да мінімуму верагоднасць таго, што ў нас не будзе хапаць грошай на важныя MPP.

Рэзюмэ.


Прэтэндуючы на пасаду прэзідэнта краіны, я ўсведамляю абавязацельствы, якія бяру на сябе ў выпадку перамогі. Паверце, калі я буду засмучаны у выпадку сваёй паразы, то толькі таму, што не ўпэўнены да канца, што іншыя кандыдаты ўсведамляюць да канца тую адказнасць, якую павінны будуць на сябе ўзяць.

Таму я хачу зрабіць слёганам маёй перадвыбарнай кампаніі фразу "Справай, а не словам".

Для мяне на першым месцы стаіць справядлівасць, якім бы смешным гэтае слова некаторым ні падалося. Тыя, хто мяне ведаюць, наўрад ці могуць абвінаваціць мяне ў подласці, абвінаваціць у хлусні ці сказаць, што я калісьці быў непаслядоўным.

Чаму вам варта абраць мяне прэзідэнтам? Напэўна, таму, што акрамя ўсіх якасцяў, якімі мусіць валодаць кіраўнік краіны ў гэтай гульні, у мяне яшчэ ёсць сумленне і прынцыпы.

Я не буду будаваць хітрапланы за спіной у народа, самасцвярджацца за кошт іншых, паліваць брудам учорашніх сяброў і абражаць сваю краіну і народ. Проста таму, што нельга дазваляць сабе ў гульні тое, чаго ніколі не зрабіў бы ў РЖ.

Жадаю іншым кандыдатам поспехаў, а выбаршчыкам мудрасці пры прыняцці рашэння.

Шчасця і дабрабыту нашай еБеларусі!

Жыве Беларусь!




З павагай,

кандыдат на пасаду прэзідэнта еБеларусі,
vadzimir